Дом у Барысаве. Жыхары ходзяць над абрывам


У цэнтры Барысава ў доме, які пабудавалі яшчэ ў 1932 годзе, распачалі доўгачаканы капітальны рамонт. Але жыхароў дому ён цяпер не радуе. Рамонт у трохпавярховым доме распачалі сёлета ў сакавіку. Жыхароў запэўнівалі, што некаторых на час рамонту пераселяць у іншае жытло, бо працы будуць доўжыцца паўгода. Тыдзень таму рамонт меліся скончыць, але…

Ларыса Няведрава, жыхарка аварыйнага дому:

«Вось, паглядзіце. Гэтая дзіра ўжо некалькі тыдняў. Мы сюды перыядычна прыходзім паглядзець і бачым, што тут адкрытая прастора. Сюды ходзяць каты і адпаведна застаюцца пахі. Я суды прыехала ў нядзелю і мне рэальна хацелася плакаць, бо ўсё засыпана, паўсюль бруд».

Жыхароў гэтай кватэры не перасялялі. Рабочыя палічылі, што можна жыць і ў такіх умовах. Праўда, нікога не папярэдзілі, што трэба мець здольнасці спартоўца і акрабата, каб без траўмаў трапіць у кватэру. Няма вады, газу, каналізацыі. Адная прыбіральня ў двары і для рабочых, і для жыхароў. Валянціна Зяневіч, жыхарка аварыйнага дому:

«Мы так перажываем. Усё ж рамонт ідзе, а мы ахвяруем і нервамі і здароўем. Думаем, што зробяць нарэшце і ні чорта!»

Жыхары абураюцца, што далёка не ўсіх перасялілі на час рамонту ў іншыя кватэры. Але тыя, хто прайшоў праз гэтую працэдуру, кажуць, што лепш бы яны засталіся дома.

Людміла Захарава, жыхарка аварыйнага дому:

«Далі з домакіравання самазвал. Ну такі брудны, што страшна глядзець! На ім вазілі цэмент. Абяцалі, што гэта часова, што потым іншую машыну дадуць. Пагрузілі туды рэчы і павезлі. Потым мы глядзім, а ўсе ножкі зламаныя. Усё зламалі, усё забрудзілі!»

За стыхійным сходам жыхароў здалёк назіралі кіраўнікі розных ведамстваў, адказных за рамонт дому. Афіцыйныя асобы не толькі не пажадалі паразмаўляць з журналістамі ды абуранымі людзьмі, але чамусьці вырашылі хаваць свае твары, а некаторыя нават уцякалі ў пад’езды. Інжынер тэхнагляду Упраўлення капітальнага будаўніцтва Барысаўскага раёну таксама хутка зайшла ў адную з кватэраў і апынулася ў калідоры паміж сцяною і здымачнаю групай.

Наталля Пахомава, інжынер тэхнагляду УКБ Барысаўскага раёну:

«Мы глядзім: што прыдатна, што не прыдатна. Натуральна, агляд рабіўся на вока. Не кожную кватэру мы абследавалі, а выбарачна».

Жыхары дому маюць больш за паўсотню адказаў з розных установаў на свае скаргі. Страціўшы веру ў чыноўнікаў, – звярнуліся ў пракуратуру. Але і адтуль днямі атрымалі чарговую адпіску. Спробы дагрукацца да адказных за рамонт таксама плёну не далі.

Жыхары другога пад’езду:

«У мяне інвалід першай групы! Вы можаце сабе ўявіць, што я 20 гадоў мыю яго ў тазу».

«У мяне трохгадовае дзіця. А яны прыйшлі да нас увечары а 6 гадзіне, каб прыбіць кранштэйны. Пры гэтым адчынілі ўсе дзверы. Па начах працы могуць ладзіць…»

«Я прывёў дадому, паказаў, што робіцца. А ён: «Не трэба чапаць, а то зваліцца і разбурыцца ўсё». Ну, хіба ж так можна?»

Батарэі пакуль ляжаць у двары. Жыхарам паведамілі, што фарбаваць іх будуць ужо ў кватэрах пасля падключэння. Чаму не зрабіць гэтага на вуліцы? Адказу няма. Не кажуць і калі дадуць цяпло. Тым часам за акном сярэдзіна восені і ўжо праз два-тры тыдні прагназуюць першыя замаразкі.

Любоў Лунёва, belsat.eu