Для берасцейцаў свінец страшнейшы за каронавірус


Каронавірус прыйшоў і сыдзе, а свінец калі ўжо прыйдзе, то застанецца надоўга! Гэтак патлумачылі свой удзел у чарговай акцыі супраць акумулятарнага заводу «АйПаўэр» неабыякавыя берасцейцы. Паводле пратэстоўцаў, менавіта цяпер надыходзіць момант ісціны: альбо атрымаецца не дазволіць дзейнасць шкоднага прадпрыемства, альбо забруджванне свінцом адбудзецца ўсур’ёз і надоўга. Ды яшчэ і будзе замацаванае законам.

Невялічкія групы людзей па ўсёй плошчы Леніна кормяць галубоў ды размаўляюць міжсобку. На традыцыйную нядзельную акцыю пратэсту супраць акумулятарнага заводу сёння вышлі каля 160-ці неабыякавых берасцейцаў. Частка – у медычных масках. Аднак без страху перад каронавірусам.

Наталля, праціўніца акумулятарнага заводу:

«Свінец гэтаксама не будзе смярдзець, мы яго таксама не будзем чуць. Гэтаксама як і каронавірус прыйдзе цішком, і народ пачне хварэць. Таму я свінцовага заводу баюся больш, чым каронавіруса».

Канстанцін Астапук, праціўнік акумулятарнага заводу:

«Страшней будзе ўсё, калі тут усё свінцом пакрыецца. А каронавірус, я думаю, – ён сёння ёсць, а заўтра ці месяц-два – і яго не будзе, а свінец застанецца. І нам жыць у гэтым горадзе!»

Паводле пратэстоўцаў, кіраўніцтва акумулятарнага заводу не робіць нічога, каб рэальна падвысіць яго бяспечнасць. Замест гэтага «АйПаўэр» чарговы раз адклікаў на дапрацоўванне, а потым зноўку перадаслаў дакументацыю прадпрыемства на дзяржаўную экалагічную камісію. І ўсё гэта – цягам апошняга аўторка.

Hавiны
«Заводу баімся больш, чым каронавірусу». Берасцейцы выйшлі на нядзельны пратэст
2020.03.29 15:08

Алег Вялаў, праціўнік акумулятарнага заводу:

«Яны за адзін дзень нейкім чынам перарабілі праект, які зноўку людзям не пакажуць, што яны там перарабілі і што там будзе. Аднак гэта не самае дрэннае. Самае дрэннае – што цяпер прымаецца закон, паводле якога «Ай-Паўэр» можа абсалютна спакойна і законна труціць людзей. То бок, ён можа быць цалкам вызвалены ад адказнасці, калі яго вытворчасць будзе прызнаная дзяржаўна неабходнай».

Гаворка пра праект указу Лукашэнкі «Аб парадку вызвалення юрыдычных асобаў і грамадзянаў, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў, ад кампенсавання шкоды, нанесенай навакольнаму асяроддзю, вартасці незаконна здабытай прадукцыі». То бок калі парушальнік заявіць, што прыцягненне яго да адказнасці можа паспрыяць банкруцтву шкоднага прадпрыемства, а заплюшчванне вачэй на яго злачынствы, наадварот, абяцае эканамічную выгаду, то яму могуць дазволіць забруджваць навакольнае асяроддзе, а ўсе страты кампенсуюць з дзяржбюджэту.

Зміцер Бекалюк, праціўнік акумулятарнага заводу:

«Закон у нас пішыцца пад канкрэтную групу людзей. Не ўлічваюцца інтарэсы грамадства, яго бяспека. Дадзены ўказ пакажа: гэтае прадпрыемства патрэбнае – усё, яго не чапаем. А грамадства? А грамадства хай труціцца! І на гэта будзе пляваць!»

Аб’ектыў
Берасцейцы – пра вынікі дзвюх гадоў пратэстаў супраць заводу акумулятараў
2020.02.23 22:36

Пры гэтым нават пратэставаць супраць шкоднага прадпрыемства ў межах закону ўлады грамадзянам не даюць. Да прыкладу, тры апошнія заяўкі на акцыю супраць акумулятарнага заводу берасцейскія чыноўнікі адхілілі пад выглядам правядзення на планаваным месцы мерапрыемстваў супраць кляшчоў. Праўда, труцілі кляшчоў толькі на паперы. Не тое што свінец!

Валера Руселік, Белсат