«Даю машыне разгон і качуся інерцыяй, разумееце»: чарговае павышэнне коштаў на паліва


З сёння – ізноў на капейку даражэй. Чарговае павышэнне коштаў на паліва ўжо не здзіўляе беларусаў.

Жыхары Менску:

«Я ў прынцыпе, як і шмат хто, прызвычаіўся да такой сітуацыі. Не ведаю, што пракаментаваць».

«У мяне няма выбару. Я жыву за горадам, мне трэба карыстацца аўтамабілем, каб перамяшчацца ў горад – на працу і па справах».

«Сказалі – падаражала, ну, падаражала. Пікетаў жа ніхто не ладзіць, скажам так. Машыны ездзяць, таму пакупаць будуць. Падымуць яшчэ на дзве – будуць браць».

Гэтак, цяпер за літр 92-га бензіну давядзецца заплаціць рубель 47 капеек. За 95-ты і дызельнае паліва – рубель 58 капеек, за 98-мы – рубель 79 капеек. Павышэнне на адну капейку не выглядае катастрафічным. Аднак толькі ў сакавіку кошты павялічвалі тройчы. З пачатку ж 2018-га паліва даражэла 31 раз. А гэта ўжо адчувальна для кішэні.

Жыхары Менску:

«Сёння я машыну пакінула каля метро, і сюды паехала грамадскім транспартам. Крыху эканомлю, натуральна. Даводзіцца».

«Даю машыне разгон і качуся інерцыяй, разумееце. Намагаешся не ездзіць. Хаця машына – не раскоша, а ўжо неабходнасць».

«І па знаёмых, і па сябрах, усе бяруць малалітражныя рухавікі, каб недзе была эканомія паліва. Таму, думаю, на сёння гэтае пытанне стаіць востра».

Сістэматычнае павышэнне цэнаў «Белнафтахім» тлумачыў цэлым шэрагам фактараў: курсам валютаў, зменаю сусветных коштаў на нафту, аднак перадусім – фінансавым станам айчынных заводаў перапрацоўвання нафты і падатковаю нагрузкаю. З пачатку года кошт расейскай нафты для беларускіх заводаў павялічыўся амаль на 9 адсоткаў.

Станіслаў Івашкевіч, эканамічны аглядальнік «Белсату»: «Калі кошт на нафту будзе падаць, то аргумент уладаў будзе пра тое, што скарачаюцца прыбыткі нафтаперапрацоўчых заводаў, і ім трэба кампенсаваць гэта на ўнутраным рынку, і яны будуць падымаць кошт. Калі сусветны кошт на нафту будзе расці, то ўлады будуць казаць, што ён расце, і таму, адпаведна, расце і паліва».

Што праўда, надзею ўлады ўскладаюць на мадэрнізацыю нафтаперапрацоўчых прадпрыемстваў. Маўляў, у гэтым выпадку ўдасца выйсці на глыбіню перапрацоўвання – больш за 90 адсоткаў, і адпаведна – павялічыць прыбытак. Аднак план не ажыццяўляецца, бо: «Тых прыбыткаў, якія прыносіць нафтаперапрацоўка, з іх улады затыкаюць больш тэрміновыя эканамічныя дзіркі, а мадэрнізаваць, закупіць абсталяванне за крэдыты накладзе такую нагрузку па адсотках на нафтаперапрацоўчыя заводы, што яны ўсё роўна стануць маларэнтабельнымі», – кажа Станіслаў Івашкевіч.

А таму паступовага павелічэння коштаў яшчэ давядзецца чакаць да таго моманту, пакуль кошты не дасягнуць узроўню падаражэння 15-ці-20-ці адсоткаў, якіх дасягнула расейская сыравіна для Беларусі.

Юлія Лабанава, «Белсат»