ДАІ зацята адлоўлівае кіроўцаў без тэхагляду і дарожнага збору


«Канец году, план патрэбны хутчэй за ўсё» – пераважна гэтак тлумачаць гомельцы незвычайную актыўнасць мясцовых даішнікаў за апошнія тыдні. Штодня інспектары штрафуюць каля двухсот кіроўцаў, якія не маюць дазволу на допуск да ўдзелу ў дарожным руху, бо не заплацілі дарожнага збору.

Фёдар Сухаў, аб‘яднанне «За аўта», распавядае:

«Па Гомельскай вобласці паўтары тысячы – гэта фантастычная лічба, хоць бы таму, што за тыдзень, гэта трэба займацца не бяспекаю руху, а адлоўліваць тых, хто не сплаціў падатку».

Велічыня дарожнага збору на аўтамабіль пачынаецца з 73,5 рублёў і залежыць ад таго, належыць транспартавы сродак юрыдычнай ці фізічнай асобе, а таксама ад вагі машыны. Калі ж аўта адносна новае – збор трэба заплаціць адразу за два гады.

Праз тое, што з 2014-га года дарожны падатак прывязалі да тэхнічнага агляду аўтамабіля, шмат хто з кіроўцаў папросту перастаў праходзіць тэхагляд, каб не аплочваць гэтага збору. Жыхары Гомля тлумачаць:

«Людзі прайшлі б тэхагляд, калі б не падатак. Тэхагляд не праблема, і кожны ў гэтым зацікаўлены, а падатак не ўсе хочуць плаціць, бо не бачаць сэнсу».

«Людзі столькі не зарабляюць, каб плаціць, каб заробкі былі большыя – плацілі б людзі ».

«Заработная плата нізкая, у людзей проста няма грошай».

І адсутнасць грошай – гэта не адзіная прычына, чаму кіроўцы не хочуць плаціць дарожнага збору. На думку кіроўцаў, гэтыя сродкі ідуць не паводле прызначэння.

«Выязджаючы са станцыі тэхнічнага абслугоўвання, мы выязджаем не на добрую дарогу, а пераважна на дарогі з аварыйнымі ўчасткамі. Заплаціўшы падатак, ездзіш па гэтых дарогах і пачуваешся ўшчэмленым у правах і падманутым», – кажа кіроўца.

Тэлефон прэс-службы Гомельскага ўпраўлення ўнутраных справаў не адказвае, таму мы не маем афіцыйнага тлумачэння, чаму, замест таго каб правяраць зімовую гуму, як робяць у астатніх вобласцях у гэтыя дні, гомельскія даішнікі палююць на няплатнікаў.

Але прадстаўнік аб‘яднання «За аўта» Фёдар Сухаў мяркуе, што актыўныя дзеянні на Гомельшчыне могуць быць пробаю перад тым, як распачаць такую акцыю па ўсёй краіне:

«У Менскай вобласці найбольш зарэгістравана аўтаў – каля 700 тысячаў. Чапаць аўтамабілістаў Менску і Менскай вобласці крыху пабойваюцца. Пасля таго як «прашарсцяць» па рэгіёнах, дабяруцца і да Менскай вобласці».

Налета плануюць адвязаць дарожны падатак ад тэхагляду і зрабіць магчымым яго паэтапную аплату. Але ўкласці дарожны збор у кошт паліва, як у большасці краінаў, не плануюць. А пакуль па нашых не вельмі добрых дарогах ездзяць тысячы аўтамабіляў без тэхнічнага агляду.

Ірына Дарафейчук, belsat.eu

Фота: REUTERS / Vasily Fedosenko / FORUM