Да студэнтаў МІУ прыехала Мінадукацыі. Моладзь на кампраміс не пайшла


Дзве з паловай гадзіны прадстаўнікі Міністэрства адукацыі пераконвалі студэнтаў Менскага інавацыйнага ўніверсітэту ўва ўласнай рацыі. Яны намагаліся ўлагодзіць студэнтаў. Але маладзёны абаранялі сваю альма-матэр.

На сустрэчы прысутнічалі два прадстаўнікі Міністэрства адукацыі: Сяргей Каспяровіч і Рэма Герлоўская. Яны падкрэслілі, што хочуць весці дыялог менавіта са студэнтамі, а не з адміністрацыяй. У зале, дзе праходзіў круглы стол, месцаў усім ахвотным не хапіла, давялося даносіць крэслы. Але студэнты наракаюць, што не атрымалі адказаў на цікавыя ім пытанні.

«Трэба, каб прыехалі больш упаўнаважаныя асобы. З кім мы маглі б пагаварыць наконт даведкі, наконт наступных сумесных дзеянняў», – кажа Любоў Карсун, студэнтка 4 курсу.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Чыноўнікі прапанавалі 3 шляхі развязання сітуацыі: падача апеляцыяў на вынікі папярэдняй камісіі, паўторнае праходжанне акрэдытацыі ці перавод студэнтаў у іншыя ВНУ без здавання акадэмічнай розніцы.

«Сёння, як было агучана, універсітэт плануе падаць апеляцыю. Далей будзе вывучаць камісія, дэпартамент кантролю якасці. Тады будзе зразумела. Шанец заўсёды ёсць, але трэба пазбавіцца заўвагаў», – сцвярджае Сяргей Каспяровіч, прадстаўнік Міністэрства адукацыі, які прысутнічаў на круглым стале.

Студэнты гатовыя да канца адстойваць сваё навучанне менавіта ў Менскім інавацыйным універсітэце і пераводзіцца ў іншыя ўніверсітэты не гатовыя.

«Я не ўяўляю, як гэта будзе адбывацца. Створаць асобныя групы, для таго, каб выконваць наш план? Вельмі шмат пытанняў, і адказаў мы так і не атрымалі. Ніхто, ані я, ані мае аднагрупнікі ці аднакурснікі не збіраюцца пераводзіцца ў іншыя ВНУ», – эмацыйна распавядае Дзіяна Гардзейчык, студэнтка 4 курса.

6 лістапада стала вядома, што Міністэрства адукацыі не працягнула акрэдытацыю Менскаму інавацыйнаму ўніверсітэту ў 5 галоўных спецыяльнасцях, на якіх навучаецца каля 1600 студэнтаў. Студэнты зладзілі забастоўку. Сустрэча з Міністэрствам адукацыі стала рэакцыяй на гэты пратэст.

«Я кажу выключна за студэнтаў, будзем зараз абдумваць, што нам рабіць далей, як дапамагчы свайму ВНУ. Што мы можам зрабіць для ВНУ, каб дапамагчы яму прайсці акрэдытацыю. Як студэнты мы вельмі ў гэтым зацікаўленыя», – распавядае Віктар Калеснік, студэнт 3 курсу МІУ.

Сёння адміністрацыя ўніверсітэту падала апеляцыю ў Міністэрства адукацыі. Яна будзе разглядацца на працягу 2 тыдняў. Ад вынікаў разгляду залежыць лёс навучальнай установы.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Гарачы каментар
Ініцыятар студэнцкага страйку: «У нас такі ўніверсітэт, у які хочацца прыходзіць»
2019.11.11 23:53
Аб’ектыў
Арганізатар страйку студэнтаў у Менску: «Сабралася вельмі шмат чалавек»
2019.11.11 22:51