COVID-19: як валанцёр Валерый Еранкевіч ратуе бяздомнікаў

Каля сотні чалавек з Менску і рэгіёнаў, якія з розных прычынаў апынуліся на вуліцы ды не атрымалі дапамогі ў сацыяльных службах, ужо не першы год сцякаюцца сюды, на Матусевіча. Тут пакормяць, часткова дапамогуць з адзеннем і медыкаментамі. Сёння на абед – вугорскі салат, грыбны суп, тушаная ды запечаная бульба з рыбаю.

«Вельмі добра, дзякую. Калі ёсць неабходнасць – мне дапамагалі лекамі. І вось харчаванне выратоўвае. Бо на гэты момант у мяне другога варыянту няма» – кажа Алена, бяздомніца.

Кіруе кухняю місіянер і таленавіты кухар Валерый Еранкевіч. Ён умее адшукаць танныя прадукты, сам робіць нарыхтоўкі для страваў. Тое ж зерне на кашы тут перамолваюць самастойна. А ў суседнім памяшканні спадар Валерый разам са сваімі паплечнікамі вырошчвае грыбы вешанкі. Так гэта выглядае, я сама бачу ўпершыню. Пластыкавыя пакеты набіваюцца апілкамі і грыбніцаю. Грыбы растуць вельмі хутка, амаль штодня бяздомнікі частуюцца смачным грыбным супам. Але ў зладжаную працу валанцёраў пандэмія ўнесла свае карэктывы. Працаўнікі прытулку заклікаюць бяздомнікаў апрацоўваць рукі санітайзерамі і насіць маскі.

«Што змянілася? Мы сталі звяртаць увагу на санітарныя нормы, закупілі сродкі, неабходныя для апрацоўкі залу, для апрацоўкі сценаў, рук. То бок усё гэта патрабуе дадатковых выдаткаў», кажа Валерый Еранкевіч (грамадская арганізацыя «Водгук»).

Валанцёры робяць усё магчымае, але хіба можна пракантраляваць людзей, якім і жыць няма дзе, і цяжка знайсці грошы на самае асноўнае? Далёка ня кожны справіцца з новымі выдаткамі. Ці засцерагаюцца беспрытульнікі?

«Не, я прытрымліваюся такой пазіцыі: чаму быць – таго не абмінуць».
«У нас ёсць маскі – нам тут выдалі. І стараюся апрацоўваць рукі. Давалі і разавыя сурвэткі з сабой, і рукі памыць. Бо ў групе рызыкі, узрост ужо ў любым выпадку. Хварэць ніхто не хоча».
«Рукі мыю, маску нашу. Заходжу, бяру – дзе ёсць спецыяльныя сродкі».

Праз каронавірус спынілася дапамога замежных спонсараў, не стае фінансаў на арэнду памяшкання і на харчаванне, не тое што на санітайзеры. На шчасце, знайшлася дапамога ўдома: атэлье «CorAlcor» ахвяравала «Водгуку» дзвесце засцерагальных масак! Кацярына Гардзеева, уладальніца атэлье «CorALcor», кажа:

«Мы ў «Інстаграме» і «Фэйсбуку» зрабілі пост, што гатовыя раздаць усім ахвочым 200 масак. Першая сотня пайшла за 2 гадзіны, другая сотня – за 3 гадзіны. Але мы бачылі, што запатрабаванасць у гэтым ёсць, на нас выйшлі арганізатары прытулку і папрасілі дапамагчы, перш за ўсё сваім супрацоўнікам. Канечне, мы не маглі адмовіць».

Далей на сродкі аховы грамадская арганізацыя «Водгук» шукае грошы самастойна. Платформа «Імёны» узяла іх у праект: ёсць рахунак, на які можна зрабіць унёсак. Валерый Еранкевіч праз сваю дзейнасць крута змяніў жыццё не аднаму бесхацінцу, але цяпер дапамога патрэбная і самой валанцёрскай арганізацыі. Разліковы рахунак арганізацыі: Грамадскае абʼяднанне «Водгук»,
Р/р BY63ВLBB30150100719285001001 (на дапамогу бяздомным).

Таццяна Уласенка, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама