COVID-19: Беларусь змагаецца кропкава


Новы асяродак захворвання на COVID-19 у Беларусі – Кіраўск і Кіраўскі раён Магілёўшчыны. На тэрыторыі ўсяго раёну мясцовыя ўлады ўвялі абавязковы масачны рэжым, а ў цэнтрах гандлю – абмежаванне ў колькасці наведнікаў. Сачыць за выкананнем патрабаванняў даручылі галоўнаму санітарнаму лекару раёну.

Жыхары Кіраўску:

«У грамадскіх месцах людзі без масак і пальчатак не абслугоўваюцца. Гэта нават пісалі ў нашай мясцовай газеце «Кіравец» афіцыйна ўжо. І я чула, што ўжо за тое, што людзі не носяць маскі, будзе давацца штраф».

«Абстаноўка тут напружаная, разумею так, людзі не задаволеныя, усе ў масках ходзяць».

«Інфармацыя яшчэ прайшла пра тое, што захварэлыя людзі сярод нашых кіраўнікоў. Хтосьці дзесьці захварэў, маштабы гэтага – дасканала невядомыя. Але сам факт, што гэткія захады прымаюцца, кажа пра тое, што чуткі абгрунтаваныя».

Інфармацыю пра дакладную колькасць хворых у раёне не паведамляюць і медыям. Замест тлумачэнняў ад чыноўнікаў – толькі сухія лічбы. Агулам па краіне афіцыйна маем больш за 45 тысяч інфікаваных каронавірусам. Штодня ад траўня да ліку заражаных дадаецца ў сярэднім 900 новых выпадкаў і 4-6 лятальных сыходаў. І – даніна сённяшняй сітуацыі з каронавірусам у Беларусі. Збор подпісаў, аднак не за сваё вылучэнне, а за перанос выбараў у небяспечны час пандэміі, зладзіў у цэнтры сталіцы лідар руху «За свабоду» і прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнта Юрый Губарэвіч.

«У Беларусі ўжо не першы дзясятак гадоў абмяжоўваюцца ўсе магчымыя правы і свабоды грамадзянаў, якія цяпер датычаць ужо і правоў на здароўе і жыццё. Бо, калі людзі ў Беларусі не маюць магчымасці атрымліваць своечасовую, праўдзівую і дакладную інфармацыю ад Міністэрства аховы здароўя, яны не абароненыя перад эпідэміяй каронавіруса», – кажа прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнта Юрый Губарэвіч.

Пікет адбыўся ля будынку Міністэрства аховы здароўя, куды пазней палітык занёс подпісы і шэраг патрабаванняў. Перадусім – выканаць рэкамендацыі Сусветнай арганізацыі здароўя. А што пра патрэбу ў захадах бяспекі ды перанос выбараў мяркуюць апытаныя намі беларусы?

Жыхары Менску:

«Можна прыняць нейкія захады, але правесці трэба. Гэта крыху па-чорнаму, аднак гэта вельмі добрыя ўмовы для гэтых выбараў».

«Не самы лепшы час для выбараў і масавых збораў людзей».

«Трэба пераносіць на больш позні тэрмін, таму што больш-менш нармальна правесці гэты працэс немагчыма ў сённяшніх варунках».

«Улічваючы, што ў краіне выбару ніякага няма, я не ведаю, ці варта пераносіць, ці варта было ўвогуле праводзіць гэтыя выбары. Можна так усё напісаць адразу».

Дарэчы, Швецыя, якая гэтаксама адмовілася ад каранціну, сёння прызнала памылкай такія захады, што прывялі да шматлікіх смерцяў. У Беларусі пакуль дагэтуль – не папярэджваюць заражэнне, а лечаць наступствы. Неўзабаве ў шпіталі паступяць 100 кіслародных канцэнтратаў для апаратаў штучнай вентыляцыі лёгкіх. Гуманітарную дапамогу для нашае краіны даставілі з Кітаю.

Юлія Лабанава, «Белсат»