Чыноўнікі Лукашэнкі дзеля санаторыя ў Ялце прызналі Крым расейскім


Журналіст Дзяніс Івашын давёў, як для чыноўнікаў Аляксандра Лукашэнкі Крым стаў фактычна і юрыдычна расейскай тэрыяторыяй – на прыкладзе аднаго санаторыя ў Ялце.

Беларусь не прызнала анексіі Крыму Расеяй, але падначаленыя Лукашэнкі дзейнічаюць так, нібы ўзброены захоп паўвострава быў законным. Такую выснову ўтрымлівае артыкул-расследаванне журналіста Дзяніса Івашына з газеты «Новы час» пра санаторый «Беларусія» ў Ялце, пад гарой Ай-Пэтры, якім валодае Кіраўніцтва справамі прэзідэнта Беларусі.

У студзені 2015-га ведамства зарэгістравала санаторый у Адзіным дзяржаўным рэестры юрыдычных асобаў Расеі. Тады здраўніца пачала плаціць падаткі і зборы ў расейскі бюджэт, карыстаючыся ўкраінскімі рэсурсамі.

«І дэ-факта, і дэ-юрэ Беларусь у дадзеным выпадку прызнае Крым, як тэрыторыю Расеі: піша ў дакументаабароце, што гэта расейская тэрыторыя, удзельнічае ў расейскай сістэме дзяржзакупаў, аказвае паслугі дзяржслужачым РФ», – мяркуе Дзяніс Івашын.

Расейскія тэндары і падаткі ў расейскі бюджэт – за кошт украінскай уласнасці, у тым ліку 12 гектараў зямлі з паркаваю зонай – культурнаю спадчынай Украіны.

«Сваёй дзейнасцю санаторый парушае заканадаўства Украіны, і гэта, вядома, можа быць падставаю для ўвядзення санкцыяў супраць дзяржаўных прадпрыемстваў у ведамстве Адміністрацыі [Кіраўніцтва] прэзідэнта РБ», – падкрэслівае Аляксандр Ліеў, міністр курортаў і турызму Аўтаномнай рэспублікі Крым у 2010–2014 гг.

Як узгадвае Аляксандр Ліеў, раней у санаторый «Беларусія» можна было трапіць толькі па вялікім блаце. Ужо тады кіраўніцтва санаторыю не супрацоўнічала з мясцовымі ўладамі, з-за чаго Міністэрству турызму даводзілася звяртацца ў беларускую амбасаду ва Украіне. Дырэктарам здраўніцы быў Барыс Андрасюк.

Санаторый «Беларусія». Фотаматэрыялы здраўніцы

Пасля таго як Крым захапілі расейскія спецназаўцы ды іншыя гібрыдныя сілы, Андрасюк атрымаў падзяку ад стаўленіка Крамля Сяргея Аксёнава і грамату ад адміністрацыі Ялты. Цяпер Андрасюк – намеснік міністра аховы здароўя Беларусі, а санаторыем кіруе Андрэй Філон, таксама дзяржаўны службовец з Кіраўніцтва справамі Лукашэнкі.

«Статус гэтага санаторыя ўздымаўся і ў працы міжурадавай украінска-беларускай групы ў пытаннях гандлёва-эканамічнай супрацы. І па стане на 2017 год, наколькі я высветліў, праца часовай камісіі па статусе санаторыя была замарожаная з-за прынцыповай пазіцыі Беларусі», – апавядае Дзяніс Івашын.

У санаторыі цяпер адпачываюць расейскія чыноўнікі і работнікі ваенна-прамысловага комплексу, але кліентаў не хапае. Таму аддзел маркетынгу актыўна прадае туры ў «Беларусію» па акцыі, але з парушэннем украінскіх законаў.

Сярод спосабаў даехаць з Беларусі старонка санаторыя рэкамендуе, аўтобуснае злучэнне з Беларусі ў Крым, авіязлучэнне расейскіх рэгіёнаў з Крымам або Керчанскі аўтатранспартны мост.

Пляж каля санаторыя «Беларусія». Фотаматэрыялы здраўніцы

Усе прапанаваныя варыянты могуць потым «адгукнуцца» турыстам. Украінскія памежнікі маюць права дэпартаваць з пункту пропуску асобаў, якія перайшлі мяжу анексаванага Крыму без адмысловага дазволу і не праз Херсонскую вобласць.

«Я б хацеў, карыстаючыся магчымасцю, каб людзі ў РБ даведаліся, што, парушаючы законы, яны пакідаюць свой лічбавы след назаўсёды, пра тое, што яны пабывалі ў гэтым санаторыі, які парушае заканадаўства, гэтая інфармацыя застаецца. Потым атрымліваць візу ў ЗША, у Еўропу, станавіцца інвестарам у цывілізаваных краінах або атрымліваць адукацыю можа стаць праблемаю», – звяртаецца да гледачоў «Белсату» Аляксандр Ліеў.

Як адказала на запыт журналістаў Служба бяспекі Украіны, у іх няма звестак, што дырэктары санаторыю – беларускія дзяржаўныя службоўцы Барыс Андрасюк і Андрэй Філон – былі ў Крыме ды перасякалі мяжу на легальных падставах.

Яраслаў Сцешык, «Белсат»