Аб'ектыў 28.09.2018 Чыноўнікам выгодна забіваць бадзяжных жывёлаў


У судзе Цэнтральнага раёну г. Менску актывістку грамадзянскай кампаніі «Мы з табой у адным доме» Вольгу Маёраву пакаралі штрафам у 20 базавых велічыняў. Гэтак для жанчыны завяршыўся збор подпісаў пад петыцыяй за ўдасканаленне заканадаўства аб абароне хатніх жывёлаў. Чаму абвінавачаная прыйшла ў суд з сабакам?

Масавая акцыя ў выглядзе адзіночнага збору подпісаў. Гэтак дзеянні актывісткі Вольгі Маёравай ацаніў суд Цэнтральнага раёну Менску ды прызначыў ёй штраф 490 рублёў. На паседжанне актывістка прыйшла з сабакам, якога забрала з прытулку. Але ў будынак гадаванца не прапусцілі. Вольга Маёрава, грамадзянская кампанія «Мы з табой у адным доме»:

«Я прыйшла на суд з сабакам, каб суддзя зразумела, каго насамрэч яна выракае на далейшыя пакуты!»

Вольгу Маёраву абурыла не толькі рашэнне суда, але і тое, што лісты з подпісамі за ўдасканаленне заканадаўства аб абароне хатніх жывёлінаў у яе забраў міліцыянт. Само затрыманне адбылося 3-га верасня. Тым часам электронную петыцыю, ініцыяваную грамадзянскай кампаніяй «Мы з табой у адным доме», якая заклікае змяніць існае заканадаўства ў дачыненні хатніх жывёлінаў, падтрымалі ўжо больш за 1700 чалавек. Вольга Маёрава:

«Мы хочам, каб была стэрылізацыя, каб было чыпаванне, каб была нармалёвая еўрапейская практыка».

Права ў гэтым пытанні дапрацоўваюць з 2002 года! Большасць пытанняў аб утрыманні хатніх жывёлінаў у ім не рэгулююцца. Са словаў зоаабаронцы Наталлі Алам’яр, чыноўнікам гэта выгадна. На адлоў і вынішчэнне бадзяжнікаў вылучаюцца вялікія грошы, і атрымоўвае іх манапаліст адлову – служба жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Наталля Алам’яр, старшыня праўлення «Заасвет»:

«За шаснаццаты год падпісаны дакумент ЖКГ: 423 000 долараў атрымала фаўна гораду на адлоў і вынішчэнне жывёлінаў у Менску. Гэта вялікія грошы. Мы лічым, што танней стэрылізаваць жывёлінаў».

Але самае жахлівае, на меркаванне адмыслоўцаў, што сёння Беларусь застаецца адзінай еўрапейскай краінай, у якой нашыя гадаванцы маюць, паводле закону, статус маёмасці.

Згодна з пастановаю Савету Міністраў, хатнія жывёліны, якія згубіліся, не маюць права жыць на вуліцы, і праз пяць дзён падлягаюць утылізацыі. Наш сябра Байка, на кожным этапе свайго бадзяжнага жыцця, рызыкаваў загінуць. Але яму пашанцавала: страціў толькі лапку.

У шмат якіх еўрапейскіх краінах даўно працуюць гуманныя законы. У Літве адбудавалі гарадскую сістэму прытулкаў для ўтрыманні згубленых гадаванцаў, у Польшчы, паводле адмысловай праграмы – «Дабрабыт жывёлінаў» – даглядаюць бадзяжных катоў, бо яны ўпісаныя ў гарадскую экасістэму: дапамагаюць вынішчаць пацукоў. Ва Украіне вулічных жывёлінаў стэрылізуюць. Пытанне: калі МЫ пойдзем за цывілізаваным светам?

Таццяна Уласенка, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары