Чыноўнік сазнаўся ў хабарніцтве і перавышэнні ўлады


Вінаваты ў хабарніцтве і перавышэнні ўлады, у падрыве даверу да ўлады. У судзе Цэнтральнага раёну Гомля дапыталі былога кіраўніка Райвыканкаму Аляксандра Сітніцу і той цалкам прызнаў віну.

Уцякаў ад следства, але паўстаў перад судом… Былы кіраўнік Гомельскага райвыканкаму адказвае за карыслівы падыход да працы. Жыхары Гомля кажуць:

«Чалавек мусіць жыць чэснаю працаю, а не атрымліваць нейкія «іншыя» грошы. Працуеш – атрымлівай за працу».

«Гэта натура такая чалавечая. Іншаму не трэба, а ён крадзе і цягне ў норку, як барсук».

Данеслі не адразу. Дзевяць гадоў ва ўладзе… і восем гадоў стажу ў хабарніцтве і перавышэнні паўнамоцтваў меў Аляксандр Сітніца. «Дапамагаў» прыватным і дзяржаўным прадпрыемствам: аднаму зямельны ўчастак адмераў, другому – бюракратычныя працэдуры паскорыў. І тыя аддзячвалі – матэрыяламі на рамонты сямейных кватэраў, фінансаваннем будаўніцтва лазні для жонкі чыноўніка, афармленнем на чужое імя новага Сітніцаўскага аўтамабілю. Апроч таго кіраўнік без гаманца прыходзіў у фірмовыя крамы прадпрыемстваў па харчы для банкетаў. Не аплочваў шэрагу транспартных паслуг. Відаць, і сапраўды, як па словах кіраўніка краіны Аляксандра Лукашэнкі:

«У чыноўніка і бізнесоўца два прынцыпова розныя разуменні функцыянавання прадпрыемства».

Сітніцу вінавацяць у шэрагу эпізодаў хабару і перавышэнні ўлады. Гэта артыкулы 426 і 430, часта інкрымінаваныя чыноўнікам і дзяржслужбоўцам.

«Вы заўжды на відавоку ў людзей. Любы ваш крок робіцца вядомым, выклікае грамадскае асуджэнне і падрывае аўтарытэт улады», – нагадаў сёння карупцыянерам генпракурор краіны Аляксандр Канюк, за карупцыю ў якой летась асудзілі 780 чыноўнікаў!

Па словах Анатоля Лябедзькі, кіраўніка цэнтру «Еўрапейскі дыялог»:

«Лукашэнка запусціў такую беларускую мадэль, што чыноўнік-карупцыянер можа літаральна праз нейкі час выйсці на волю, Дастаткова заплаціць за сваю свабоду. Пытанне толькі ў цане».

Цана на свабоду можа падняцца. Аляксандр Лукашэнка раскрытыкаваў міністра ўнутраных справаў Ігара Шуневіча за надта хуткае вызваленне пакараных чыноўнікаў. А іх сёлета не зрабілася менш. Пачалі адбываць тэрміны – старшыні Пухавіцкага і Лоеўскага райвыканкамаў – Сяргей Ленкавец і Сяргей Дзмітроў, старшыня Жодзінскага гарвыканкаму Юрый Шарага, намеснік старшыні Светлагорскага райвыканкаму. Затрыманыя кіраўнік Браслаўскага райвыканкаму і ягоная жонка, чыноўнікі з вертыкаляў кожнага абласнога гораду.

«Калі вы даяце чыноўнікам права нешта адмяраць, некаму даваць больш, а некаму менш, некаму прэферэнцыі, а некаму аніякіх… заўжды будзе спакуса карупцыі», – тлумачыць Анатоль Лябедзька, кіраўнік цэнтру «Еўрапейскі дыялог».

Гэта не сакрэт для асобы, якая стварыла сістэму прысутнасці дзяржавы ва ўсіх галінах грамадства і эканомікі. На паказ жа – наказ… падчас кожнай кадравай нарады…

«Карупцыя з’ядае ўсё. Гэта іржаўчына. Ды і потым… нашыя людзі прызвычаіліся да справядлівасці. Гэта яшчэ за савецкімі часамі, вы гэта прыўкрасна разумееце», – кажа Аляксандр Лукашэнка.

Да чаго прызвычаіліся, людзі кажуць за сябе самі.

«Карупцыя была і будзе, яе ніхто не выкараніць. Інакш бы міліцыі не было!»

«Вось гэтыя прыбіральні за мільён долараў – гэта што не карупцыя?» «Пілуюць бабкі. Цёплыя прыступкі ў выканкаме…» – кажуць жыхары Гомля.

…І цёплыя фатэлі ў кабінетах. Дзверы на свабоду зачыняюцца далёка не перад кожным хабарнікам.

Юлія Цяльпук, belsat.eu