Чыноўнік браў хабар свечкамі ды абразамі


Генеральная пракуратура накіравала ў суд справу былога дырэктара Палацу спорту Сяргея Прановіча. Гэта яшчэ адзін гучны карупцыйны скандал, які скалыхнуў краіну летась. Колькі незаконна зарабіў чыноўнік, і як усё-такі перамагчы карупцыю ведае Зміцер Міцкевіч.

Амаль шэсць гадоў Сяргей Прановіч сістэматычна атрымліваў незаконную матэрыяльную выгаду за вылучэнне плошчаў Палацу спорту пад разнастайныя імпрэзы. Паводле інфармацыі следства, браў хабар нават у манастыроў – свечкамі ды абразамі. Нічога святога!

Прановіча затрымалі супрацоўнікі КДБ у лютым 2018 года пры спробе атрымаць хабар дзве тысячы рублёў. Справа атрымала вялікі розгалас у медыях, а ў выніку яе са свайго фатэля вылецеў і тагачасны міністр спорту Аляксандр Шамко. Аляксандр Лукашэнка, кіраўнік Беларусі:

«Мне даклалі, я кажу: давайце. Мужыкі, каб не было крыўдаў, чалавека трэба схапіць на гарачым. І яны зафіксавалі дзясяткі хабараў за паўгода. Пасадзілі ў турму, а міністра – на вуліцу. Я не веру, што міністр пра гэта не ведаў».

З 2012 да 2018 года ў Сяргея Прановіча следчыя налічылі ажно 178 эпізодаў супрацьпраўнай дзейнасці. Выходзіць, што ў сярэднім ён браў хабар раз на 12 дзён! Агулам жа чыноўнік атрымаў больш за 78 тысяч рублёў. Сяргей Скрабец, дэпутат Палаты прадстаўнікоў другога склікання:

«Што такое кіраўнік Палацу спорту? Гэта чыноўнік, які недзе нейкія сувязі меў у адміністрацыі, яго прызначылі. Калі яго прызначаюць, то яму кажуць: вось табе паляна, ты з яе кормішся. То бок гэта ўсё – тваё. Хочаш – бярэш хабар, хочаш – канцэрты, левыя адкаты. І так працуюць усе чыноўнікі. Натуральна, што ён павінен кудысьці наверх насіць».

Аднак найбольшы розгалас атрымаў выпадак з атрыманнем хабару ад манастыроў за размяшчэнне іх пунктаў падчас выставаў. Менавіта гэты эпізод і прыцягнуў увагу кіраўніцтва краіны. Павел Севярынец, сустаршыня БХД:

«Той, хто бярэ хабар, крадзе і ў дзяржавы, і ў свайго бліжняга, па вялікім рахунку, ён крадзе ў самога сябе. Таму што крадзенае ніколі да дабра не даводзіць. Ну а што рабіць цэрквам? Цэрквам трэба звяртацца ў праваахоўныя органы, калі яны ёсць і нармальна працуюць».

Карупцыя ж у Беларусі прымае самыя дзіўныя формы. Гэтак, месяц таму кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык заявіў, што некаторыя чыноўнікі з Менгарвыканкаму бясплатна атрымлівалі тавары з ЦУМу ды арганізоўвалі банкеты за кошт падпарадкаваных прадпрыемстваў, а кіраўніку аднаго з раёнаў сталіцы кожны чацвер задарма дастаўляюць харчовыя наборы з пэўнай сеткі крамаў. На гэтым фоне атрыманне двухсот тысяч долараў хабару памочнікам кіраўніка краіны, інспектарам па Гарадзенскай вобласці Сяргеем Раўнейкам, выглядае складанаю схемаю. Павел Севярынец, сустаршыня БХД:

«Выйсце – у прыняцці закону Лінкальна, які заключаецца ў тым, што чалавек, які дапамагае ў судзе ўстанавіць факт крадзяжу ў дзяржавы, атрымлівае 25 % ад крадзенага. У большасці развітых краінаў свету такая норма працуе. Яна эканоміць сотні мільярдаў долараў па ўсім свеце штогод».

А ў Беларусі тым часам шырока выкарыстоўваецца свая практыка: пасля вяртання скрадзенага хабарнікаў выпускаюць з-за кратаў і адпраўляюць кіраваць калгасамі ці іншымі прадпрыемствамі ў аддаленыя рэгіёны краіны. Кругаварот крадзяжу ў прыродзе.

Зміцер Міцкевіч, belsat.eu