Чым займаюцца шпітальныя клоўны?


Выклікаць смех там, дзе звычайна пачуць яго складана. Шпітальныя клоўны – сур‘ёзная прафесія, іхная мэта – дапамагчы хвораму дзіцяці перажыць час у няпростай шпітальнай атмасферы.

«Клоўн застаецца клоўнам паўсюль! Гэта заўсёды прыемныя змены ўнутры нас, якія мы назіраем, якія мы асэнсоўваем, займаючыся гульнёй, займаючыся ўзаемадзеяннем, маючы магчымасць ствараць спектаклі, маючы магчымасць паказаць гэта людзям!» – кажа мастацкай кіраўніца групы Іна Адарчанка.

Дабрачыннае грамадскае аб’яднанне «Фані ноўз», дзякуючы гранту амбасады ЗША, адкрывае школы шпітальных клоўнаў па ўсёй краіне.

Засвоіць прафесію шпітальнага клоўна можна на бясплатных курсах. Іна адарчанка кажа:

«Чалавек, які прыходзіць і кажа «я хачу быць шпітальным клоўнам», павінен у літаральным сэнсе мець даведку, што ён здаровы. І псіхічна, і псіхалагічна, і фізічна».

Удзельнікі групы кажуць, што іхная праца – не толькі дапамога іншым. Працуючы з дзецьмі, валанцёры спазнаюць лепш і саміх сябе. Яны кажуць:

«Калі браць мяне, то я сюды прыйшла ў пошуку свайго ўнутранага дзіцяці. Тут кожны дзеля нечага прыйшоў».

«Мне падабаюцца менавіта людзі, з якімі я тут. Для мяне гэта важна. У плане, калі мы выходзім да шпіталю, да дзяцей – гэта пра партнёрынг і пра падтрыманне нават нейкае паміж сабой. І для мяне гэта вельмі важна».

Каб далучыцца да шпітальных клоўнаў, трэба запоўніць анкету. Спраўдзіць жа, ці адбываюцца курсы ў вашым горадзе, можна на сайце funnynose.by.

Ян Вярбіцкі, «Белсат»

Фота вокладкі: vk.com/funnynose