Аб'ектыў 09.09.2019 Чым займаюцца беларускія сенатары, і хто насамрэч іх абірае?


Кандыдатаў на пасады сенатараў пачалі вылучаць дэпутаты мясцовых саветаў. У Беларусі стартавала кампанія выбараў у Савет Рэспублікі. Чым займаецца гэты орган, і хто насамрэч вызначае ды абірае дэпутатаў верхняй палаты Парламенту?

64 чалавекі – па васьмёра выбіраюць дэпутаты мясцовых саветаў кожнай вобласці і Менску, а яшчэ васьмярых асабіста прызначае Лукашэнка. Так выглядае склад Савету Рэспублікі, кандыдатаў у дэпутаты якога пачалі вылучаць сёння.

На ўтрыманне сенатараў падаткаплатнікі выдаюць па 2 мільёны долараў штогод. А ці ведаеце вы, чым Савет Рэспублікі займаецца? Мы запыталі жыхароў Менску:

«Савет Рэспублікі – гэта адна з палатаў Нацыянальнага сходу. – А чым займаецца? – Законамі займаецца!»

«Не ведаю! Лайдачыць, напэўна!»

«Ой! Прабачце, калі ласка!» (уцякае)

«Напэўна, толькі палітычна падкаваныя людзі вам могуць сказаць пра гэта».

Тлумачым: Савет Рэспублікі зацвярджае ці адхіляе законапраекты, ухваленыя Палатаю прадстаўнікоў. Згодна з Канстытуцыяй, ён ёсць палатаю рэгіянальнага прадстаўніцтва. Аднак у нашай палітычнай сістэме Савет Рэспублікі абараняе зусім не інтарэсы рэгіёнаў, зазначае філосаф і метадолаг Уладзімір Мацкевіч:

«Калі ніжняя палата прыме нешта недарэчнае з пункту гледжання рэжыму, то гэтае рашэнне заблакуецца верхняю палатай».

Тыповы дэпутат гэтай палаты – мужчына векам каля 60 гадоў. У сенатарскае крэсла ён перасеў з высокай кіроўнай пасады на дзяржаўным заводзе або ў бюджэтнай сферы, тлумачыць палітолаг Андрэй Казакевіч з Інстытуту «Палітычная сфера»:

«Пэўная колькасць людзей прадстаўляе праўладныя грамадскія арганізацыі, перш за ўсё «Белую Русь», прафесійныя саюзы, некаторыя іншыя. Маюць прадстаўніцтва людзі ад сістэмы адукацыі ды аховы здароўя».

У Савет Рэспублікі кіраўнік краіны прызначае асабліва заслужаных чыноўнікаў, напрыклад, былога шэфа Белтэлерадыёкампаніі Генадзя Давыдзьку. А вось экс-прэм’ера Міхаіла Мясніковіча, шэфа дзяржаўных прафсаюзаў Міхаіла Орду і экс-міністарку сацыяльнай абароны Марʼяну Шчоткіну выбралі ў верхнюю палату менскія дэпутаты.

«Бачнасць таго, што мясцовыя саветы нібыта вылучаюць нейкіх кандыдатаў – гэта ўсё такое ж махлярства, як і выбары ў ніжнюю палату», – гаворыць філосаф Уладзімір Мацкевіч.

Андрэй Казакевіч з Інстытуту «Палітычная сфера» дадае:

«Выканаўчыя структуры абласнога ўзроўню фармуюць спіс тых людзей, якія пазней апынуцца ў Савеце Рэспублікі. І пазней гэтыя спісы ўзгадняюцца з Адміністрацыяй прэзідэнта».

Каго гэтым разам Аляксандр Лукашэнка ўзнагародзіць пасадаю сенатара, мы даведаемся ў дзень выбараў – 7 лістапада.

Аляксандр Папко belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары