Чорная завеса над Магілёўшчынай


Была рука чыстая, а стала… брудная. Але гэта не пыл, а сажа. Яна паўсюль – на аўтах, падваконнях, лаўках, дрэвах, дамах і дарогах.

«Белая бялізна вісела, белы ручнік. Сёння яна была шэрая. І дымка, а сёмай раніцы было нібыта туман, і пах, нібы дым».

«Я прыбірала ў кватэры і працірала падваконні. Проста праціраеш чыстай анучкай, і застаецца такое чорнае, якое немагчыма адмыць. Без нейкіх хімічных рэчываў гэта проста не адмывалася, яно больш і больш размазвалася», – скардзяцца жыхары Вейна.

Тое, што жыхары называюць сажай, – гэта цвёрдыя часціцы, тэхнічны вуглярод, які забруджвае паветра прадуктамі гарэння, спрычыняецца да разагрэву зямной атмасферы. І, вядома, гэтае канцэрагеннае рэчыва ўплывае на здароўе людзей:

«Хочацца яшчэ пажыць, але нам жыць не даюць катэгарычна».

«Дыхаць нам хутка не будзе чым, таму што ў нас будуюць, будуюць».

Жыхары ўпэўненыя, што гэта чарговыя выкіды з ня так даўно пабудаванага заводу «Омск Карбон Магілёў» – вытворчасці тэхнічнага вугляроду. Падобнае ўжо здаралася – у лістападзе 18 года, калі прадпрыемства вырабіла пробную партыю сваёй прадукцыі. Цяпер «Омск Карбон» запускае другую пусканаладачную лінію.

«Хутчэй за ўсё, зараз яна будзе спыненая, таму што яны ўжо разумеюць, што да іх могуць прыехаць. У нас па заканадаўстве трэба зрабіць два замеры менавіта падчас працы прадпрыемства, каб высветліць перавышэнне», – кажа Андрэй Бодзілеў, экалагічны актывіст.

Мінулы раз зафіксавалі перавышэнне нормаў цвёрдых часціцаў у 40 разоў! Але другі раз замерыць не змаглі, бо пасля выкіду прадпрыемства на пэўны час прыпыніла працу.

«Яны нібы правяраюць экалогію нашую: калі яны павінныя праверыць, то паведамляюць у «Омск Карбон», тады яны адключаць трубы», – кажа мясцовая жыхарка.

Гэтым разам жыхары ізноў паскардзіліся ў Магілёўскі абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы наваколля.

«Прыязджала Ахова прыроды, правялі рукой па траве. Усё! Далей? А па нас хто правядзе? Ніхто!», – наракае жыхарка Вейна.

Праводзіў па траве Сяргей Чэлачаў, начальнік аддзелу кантролю за аховай і выкарыстаннем атмасфернага паветра і водных рэсурсаў. Але чыноўнік яшчэ не ведае, ці зможа лабараторыя правесці аналіз сабранага матэрыялу і сказаць, што гэта.

«Пакуль нічога не вядома. Прынамсі па інфармацыі прадпрыемства… Не, давайце мы ўсё ж пракаментуем гэта ўсё ў панядзелак. Па-першае, яны будуць пускацца, а па-другое, як на крыніцах выкідаў, гэтак і на санітарнай зоне. На падставе нашых замераў будзем прымаць нейкія рашэнні – спыняць ці не спыняць», – кажа Сяргей Чэлачаў.

«Омск Карбон» – гэта не адзіная патэнцыйна шкодная вытворчасць у раёне. Улады абяцалі стварыць лабараторыю кантролю ўсіх прадпрыемстваў свабоднай эканамічнай зоны пад Магілёвам. Сістэма маніторынгу, якая б дзень і ноч правярала паветра, мелася, паводле абяцанняў чыноўнікаў, запрацаваць яшчэ 4 месяцы таму. Цяпер улады кажуць, што на яе няма грошай.

Вольга Старасціна, «Белсат»