Чарнобыль выбухнуў 32 гады таму, наступствы адчуваем дагэтуль


Не толькі Савецкі саюз, але і шмат іншых краінаў Еўропы зазналі на сабе наступствы аварыі на Чарнобыльскай АЭС.

Паветрам радыенукліды разнесла на дзясяткі тысяч квадратных кіламетраў ад краінаў Балтыі і Скандынавіі да Францыі і Вялікай Брытаніі. Аднак найбольш пацярпелі Расея і Беларусь, якія непасрэдна мяжуюць з Украінай. Які ўплыў аказала радыяцыя? І ці мінула пагроза для нашае краіны цяпер?

Найбуйнейшая тэхнагенная катастрофа ў гісторыі. Выбух на Чарнобыльскай АЭС сваім забруджаннем ахапіў большую тэрыторыю, чым бамбардзіроўкі Хірасімы і Нагасакі.

«Ніхто не ведае, колькі радыеактыўнасці было выкінута з рэактара і колькі было пасля выпарана радыеактыўнага рэчыва падчас пажару, які фактычна два тыдні меў месца», – кажа фізік, былы дэпутат Вярхоўнага Савету СССР Юры Варонежцаў.

Выбух здарыўся ва Украіне, але вецер пагнаў радыеактыўную дажджавую хмару ў бок Беларусі. У выніку небяспечна забруджаная аказалася амаль чвэрць плошчы нашае краіны. Найбольш пацярпела Гомельская вобласць. Тут забруджванне месцамі сягала той жа ступені, што і ў беспасярэдняй блізкасці да рэактара.

«Калі казаць пра Гомельскую вобласць, то гэта каля 65 % было забруджана. Гэта, вядома, як вы разумееце, каласальная плошча», – працягвае Юры Варонежцаў.

Да трагедыі савецкія ўлады былі не гатовыя, а перад яе маштабамі аказаліся амаль бяссільныя. Адмысловага абсталявання ды вопраткі, што бараніла б ад радыеактыўнага выпраменьвання, на ліквідатараў не хапала. Да таго ж захадамі перасцярогі грэбавалі і ў іншых выпадках. Паводле Юрыя Варонежцава, які ўваходзіў у Камісію Вярхоўнага Савету СССР, што расследавала выбух і яго наступствы, улады давалі распараджэнне выкарыстоўваць радыеактыўнае мяса.

«Ёсць дакументы надзвычай сакрэтныя, калі вось гэта мяса савецкае, каб яно не прапала, ішло ў стратэгічныя запасы і дадавалася да чыстага мяса. З яго рабілі каўбасу і скормлівалі нам», – распавядае Юры Варонежцаў.

Міжнародныя арганізацыі называюць каля 60 чалавек, якія загінулі ад яўных прыкметаў апраменьвання беспасярэдне пасля выбуху. Колькасць тых, каму радыяцыя істотна скараціла жыццё, ацэньваецца ад некалькіх тысячаў да некалькіх мільёнаў, бо дакладна вызначыць, што чалавек захварэў на рак менавіта з прычыны радыеактыўнага ўздзеяння, – немагчыма.

«На гэты момант лічаць, што гэта ўплыў навакольнага асяродку, не звязваюць менавіта з адкладзенымі наступствамі аварыі на Чарнобыльскай электрастанцыі. А, на мой погляд, гэта акурат праява адкладзеных эфектаў», – адзначае Марыя Дзюбенка, адмысловец у медычнай экалогіі.

Паводле яе, адкладзеныя эфекты могуць праяўляцца і праз некалькі пакаленняў. Бо радыенукліды назапашваюцца ў генетычным матэрыяле, трапляючы ў арганізм чалавека перадусім з вадою і ежай. Пры гэтым шмат якія людзі працягваюць жыць у забруджаных раёнах Беларусі або пераязджаюць туды, бо папросту перасталі баяцца радыяцыі, якой вачыма не ўбачыш.

Шкоднае выпраменьванне ад радыенуклідаў, якія захоўваюцца ў глебе, зыходзіць пры распадзе. Некаторыя з іх, да прыкладу – цэзій і стронцый – ужо прайшлі трыццацігадовы перыяд паўраспаду. Аднак пачувацца спакойна можна будзе пасля таго, як пройдзе тры-пяць цыклаў паўраспаду, – сцвярджае Юры Варонежцаў. Тым не менш улады пачынаюць асвойваць забруджаныя землі. Летась кіраўнік Беларусі падпісаў указ, які скасаваў ахоўную зону Палескага радыяцыйна-экалагічнага запаведніку. То бок цяпер на гэтай зямлі можна жыць і вырошчваць садавіну.

Юлія Лабанава, belsat.eu