Берасцейская вобласць апошнім часам прыцягвае шмат увагі з боку эколагаў і актывістаў. Будаўніцтва акумулятарнага заводу каля Берасця можа моцна змяніць экалагічны баланс рэгіёну і гэта пры тым, што тут ужо маюцца тоны невядомага хімічнага рэчыва каля пасёлку Зялёны Бор.
У пасёлку Зялёны Бор, што на Берасцейшчыне, пад адкрытым небам ляжаць тоны невядомага рэчыва. Паводле журналісцкіх расследаванняў, у гэтым месцы захоўваюць небяспечны для чалавека і асяроддзя свінцовы попел. Прадукт перапрацоўкі ляжыць тут не першы год.
«Мы ведаем, што гэта вельмі небяспечна для жыцця і здароўя. Вельмі шмат людзей стала хварэць у пасёлку апошнія гады. Дарослае насельніцтва, і дзеткі таксама», – кажуць мясцовыя жыхары.
Жыхары пасёлку доўгі час не ведалі, што маюць такое небяспечнае суседства. Як раней паведамлялі мясцовыя медыі, белаазёрскае прадпрыемства, што займаецца перапрацоўкай свінцу, падпісала дамову з індывідуальным прадпрымальнікам. Прадпрыемства нібыта пастаўляла ў Зялёны Бор свінцовы попел для далейшай перапрацоўкі. Паводле журналісцкіх звестак, прадпрымальнік збіраўся выкарыстоўваць яго для далейшай вытворчасці ды нават экспартаваць у Расею. Далей за абяцанні справа не пайшла.
«Займаліся органы, значыць органы ўнутраных справаў, гэтым пытаннем, на дадзены момант я нават не ведаю, у чым там пытанне. Ведаю, што гэтая сітуацыя ёсць, што вядзецца следства, Следчы камітэт займаецца гэтым пытаннем, але да чаго яны дайшлі і якое рашэнне ў выніку, я не ведаю», – кажа намеснік старшыні Івацэвіцкага райвыканкаму Андрэй Рэгес.
Афіцыйна гэтыя адкіды адносяцца да трэцяй катэгорыі небяспечнасці. Паводле ўладаў, яны не ствараюць небяспекі для людзей і экалогіі. Але ёсць і іншае меркаванне.
«Наступствы гэтага складана сабе ўявіць, ці ёсць там сапраўдныя меры, якія будуць перадухіляць траплянне гэтых свінцовых адкідаў, яшчэ нейкіх розных цяжкіх металаў, што вельмі небяспечныя для жыцця чалавека і ў прынцыпе экалогіі, у глебу і навакольнае асяроддзе – да жывёлінаў, напрыклад», – кажа экалагічны актывіст Вячаслаў Касінераў.
Жыхары тым часам пачалі збор подпісаў пад зваротам да кіраўніка краіны. У звароце людзі просяць адстаўкі некаторых прадстаўнікоў мясцовай улады. Аргументавалі яны гэта адсутнасцю даверу ў сітуацыі небяспекі.
Міхась Слаўнікаў, «Белсат»