Чарговы выпадак міліцэйскага бязмежжа. У слонімскай міліцыі працуе садыст?


Гэтым разам ад свавольства сілавікоў пацярпеў жыхар Слоніму. Здарэнне адбылося яшчэ летась у жніўні, але за справядлівасць пацярпелы змагаецца дасюль.

Ішоў з гасцей – трапіў пад міліцэйскі дручок. Жыхар Слоніму Уладзімір Яфімчык летась 31-га жніўня вяртаўся дамоў, калі сустрэў міліцыянтаў Жукоўскага і Вайтушку. Сілавікі спынілі мужчыну і пастанавілі даставіць яго ў больніцу, каб спраўдзіць наяўнасць алкаголю ў крыві, але на ўваходзе ў лякарню здарылася нечаканае.

«Надзяваюць кайданкі… Сагнулі мяне. Я ростам невялікі і хацеў выпраміцца. Выпрамляюся і тут удар па назе. У галаве цямнее і ўпаў», – кажа жыхар Слоніму Уладзімір Яфімчык.

У больніцы Уладзіміру аказалі медычную дапамогу, між іншага дактары адзначылі, што нагу Яфімчыку зламаў міліцыянт. Але следчы, які прыехаў разбірацца ў інцыдэнце, не завёў крымінальнай справы. Маўляў, нагу Уладзімір зламаў сам.

«Як я ўжо ведаю, горад маленькі ўсе ўсіх ведаюць і мне ўжо неаднаразова казалі, што ў гэтага супрацоўніка міліцыі гэта не першы выпадак, ён фактычна любіць такія меры ўздзеяння на людзей», – распавядае сусед пацярпелага Віктар Марчык.

І такія выпадкі, калі міліцыянты выкарыстоўваюць сілу ў дачыненні грамадзянаў, ня рэдкасць. Прыгадаць хаця б апошнія: збіццё АМАПам дручком маладой акторкі Святланы Сакалоўскай у гэтую навагоднюю ноч, справа інваліда з Віцебску, якога біў і душыў старэйшы лейтэнант, а ў Рагачове праз адсутнасць флікера міліцыянты пабілі мясцовага жыхара, яму зламалі рабро.

Што ж да справы Уладзіміра Яфімчыка, пасля вяртання са шпіталю ён наняў адваката. Цяпер праз суд мужчына хоча дамагчыся справядлівасці.

«Суды абвінавачваць яшчэ і яго, разам з міліцыяй абвінавачваюць у тым што ён сам сабе, а на іх наводзіць паклёп. Судовая медычная экспертыза таксама вельмі слізкі дыягназ дала, што як бы і сам, але было нанесена тупым цвёрдым прадметам», – кажа кіраўнік прафсаюзу РЭП Слонімскага раёну.

Цяпер праз траўму адна нага Уладзіміра карацейшая за другую. Ён ня можа кіраваць аўтамабілем, кульгае. Да таго ж мужчыну, які да гэтага працаваў грузчыкам, давялося звольніцца: дактары забаранілі яму выконваць цяжкую фізічную працу.

МС, «Белсат»