Чарговая ахвяра дзяржаўнага тэрору


Сёння ўначы сілавікі затрымалі ды моцна збілі менчука Рамана Бандарэнку – жыхара кварталу на вуліцы Чарвякова, вядомага як «плошча Пераменаў». У цяжкім стане непрытомнага мужчыну прывезлі ў шпіталь хуткай дапамогі. Там яму зрабілі трэпанацыю чэрапа. Зараз стала вядома, што мужчына памёр, не прыходзячы ў прытомнасць. Больш распавядзе Ігар Станкевіч.

На «плошчы Пераменаў» у Менску невядомыя ў балаклавах збіваюць Рамана Бандарэнку. Ён выказаўся супраць зразання бел-чырвона-белых стужак. Узнік канфлікт.

«Учора прыехалі чарговы раз так званыя ябацькі пад прыкрыццём чатырох аўтобусаў і ціхароў. Аўтобусы заціхарыліся. Справакавалі канфлікт, палезлі ў драку да маладзёна Ромы. Пачалі валтузіць, умяшаліся ціхары», – кажа мужчына – сведка здарэння.

«З двух бакоў набеглі людзі ў цывільным і пачалі ўкладваць двух хлапцоў на плечы. Адзін збег, другі – Раман. Вось тут яго паклалі, узялі ўтрох за рукі і ногі і панеслі туды, у бус», – дадае сведка Святлана.

У пачатку першай гадзіны непрытомнага мужчыну прывезлі з Упраўлення ўнутраных справаў Цэнтральнага раёну у шпіталь хуткай дапамогі. У картцы агляду зазначана: цяжкая закрытая чэрапна-мазгавая траўма, вострыя субдуральныя гематомы на галаве, кровазліццё ў мозг, траўмы мяккіх тканак. Стан цяжкі. У аперацыйную Раман трапіў у коме.

«Мы інфармацыю паведамляем выключна блізкім сваякам. Маці знаходзіцца ў палаце. Жонка павінна прыехаць. Зараз будзе вялікі кансіліум. Матцы будзе дакладзеная сітуацыя. Звязвайцеся з ёй і ўдакладняйце сітуацыю, ці ў блізкіх сваякоў. Мы не можам паведамляць староннім медычную інфармацыю», – адзначыў рэаніматолаг Сяргей Комлікаў.

Прэс-служба МУС Беларусі ў тэлеграм-канале сцвярджае, што гэта быў «дваравы канфлікт і канфрантацыя поглядаў». Маўляў, адныя «вывешваюць, малююць і наклейваюць несанкцыянаваную сімволіку», а «іншыя ж неабыякавыя грамадзяне спрабуюць аднавіць парадак і не дапускаць парушэнняў правілаў добраўпарадкавання». А «з наступствамі гэткіх канфліктаў разбіраецца МУС». Аднак суседзі ўпэўнены: Раман Бандарэнка пацярпеў менавіта ад сілавікоў.

«Я ўжо тут такога пабачыла. Сцяпана схапілі, неслі таксама на руках, толькі людзі былі ў форме. Хлопцы смецце выносілі, завезлі ў РУУС, праўда, адпусцілі. Колькі можна», – кажа сведка Святлана.

«Адсюль яго везлі яшчэ ў прытомнасці, на сваіх дваіх. Усё, што з ім здарылася, – гэта наступствы альбо бусаў, альбо РУУС», – лічыць другі сведка.

Праваабаронцы сумняюцца, што міліцыя распачне крымінальную справу і знойдзе злачынцаў.

«Крымінальная справа, можа быць, і будзе ўзбуджаная, хаця я сумняюся. На этапе праверкі скончыцца. Але яна, хутчэй за ўсё, будзе прыпыненая за неўстанаўленнем асобы. Я думаю, не будуць знойдзеныя тыя, хто гэта зрабіў», – лічыць сябра рады праваабарончага цэнтру «Вясна» Валянцін Стэфановіч.

Раману Бандарэнку быў 31 год, ён закончыў Акадэмію мастацтваў, служыў ва ўнутраных войсках. Апошнім часам працаваў дырэктарам адной з сеткавых крамаў. Апошняе, што ён паспеў напісаць у дваровым чаце: «Я выходжу!»

Ігар Станкевіч, Белсат