Чарга па перамены расце, «альтэрнатыўны» настрой узмацняецца


Затрыманні не спыняюць ахвотных паставіць подпіс супраць Лукашэнкі па ўсёй краіне. Камера «Белсату» прайшлася ўздоўж чэргаў за пераменамі.

Стаяць у чарзе, каб даць права некаму іншаму кіраваць Беларуссю. У сталіцы подпісы за Святлану Ціханоўскую збіралі каля ўвахода ў Камароўскі рынак. У вольны мікрафон сказаць пра набалелае ГУЧНА мог кожны ахвочы,

«За мной сочаць, колькі «мянтоў» гэтых кінулі на тое, каб я не выйшла з дому».

«Я гэты сцяг нёс у 1994 годзе на 1-ым чэмпіянаце свету па плаванні. Я адзіны паралімпіец у свеце, які бяздомны».

«Беларусы пры маім gрэзідэнце будуць хадзіць з высока паднятай галавой! Мой прэзідэнт не будзе пагражаць масавымі расстрэламі!».

Перад затрыманнем сустаршыня Беларускай хрысціянскай дэмакратыі заклікаў людзей паказваць уладзе сваю рашучасць: што нядзелю апоўдні выходзіць на цэнтральныя плошчы гарадоў – на збіранне подпісаў ці на кармленне галубоў, паводле прыкладу берасцейцаў.

«Ні подпіс, пастаўлены за кандыдатаў на так званых выбарах, ні сам голас у бюлетэні – нічога не вырашаюць. Лічаць галасы Ярмошына і яе каманда. І мы ўсе цудоўна ведаем, як лічаць. Таму вырашаць будзе выхад на пратэст. Калі пратэсты будуць разганяць, то грамадскае непадпарадкаванне і агульнанацыянальны страйк», – кажа Павал Севярынец, прыхільнік пратэставага сцэнара.

У Берасцейскіх чэргах, каля кінатэатра «Беларусь», наракаюць на нізкія заробкі і на стыль кіравання Лукашэнкі:

«Тое, як ён размаўляе са сваімі падначаленымі, са сваім урадам, простымі людзьмі – гэта мяжа ўсім».

«Тое, што на гэты момант адбываецца ў нас у краіне, мяне не задавальняе».

«Лукашэнка прыйшоў да ўлады, калі мне было 13 гадоў. Цяпер мне 40, і я нічога іншага не бачыў. Хачу ўбачыць».

Фота «Белсат»

У Гомлі – каля аднайменнага ўнівермага – падпісваюцца за прэтэндэнтаў Цапкалу, Бабарыку, Нямомняшчых, Чэрачня, Ціханоўскую – агулам за васьмярых альтэрнатыўных прэтэндэнтаў. Гамельчукі кажуць:

«Ні дзецям нашым няма чаго перадаць ні ўнукам. Трэба выкарабквацца з гэтай ямы, ну хто калі не мы».

«Я прыйшла паставіць подпісы за ўсіх, апроч дзейнага прэзідэнта, які ўвогуле не прэзідэнт, ён даўно нелегітымны. Гэта дзяржаўны злачынца».

«Нервы здаюць бо бязмежжа тварыцца поўнае, глядзім праз сеціва, што адбываецца з кандыдатамі, мы папросту ў шоку!»

У Віцебску збіралі подпісы за шасцярых альтэрнатыўных. Ля піраміды гандлёвага цэнтру Марка-сіці луналі бел-чырвона-белыя сцягі, сцягі «Краіна для жыцця» і партыйны сцяг АГП.

«У мінулую нядзелю за Ціханоўскую, дажыву – то ў наступную нядзелю прыйду за Цапкалу. За ўсіх, апрача гэтага самага, які не паважае народ».

«Колькі можна з нас здзекавацца!».

«Хто заўгодна, толькі не ён! Фаварыты – Бабарыка і Цапкала».

Напярэдадні вылучэнец у кандыдаты Віктар Бабарыка пераконваў выбарцаў, што перамога – магчымая: «Я не гуляю ў гульні, у якіх я не магу выйграць».

Апладысменты… Гарадзенцы хочуць давяраць і маюць надзею:

«Ён стварае ўражанне вельмі разумнага, адукаванага чалавека. Я цаню гэта больш за ўсё».

«Ён з сярэдняга банку змог стварыць адзін з наймацнейшых банкаў у краіне, значыць умее».

«Звязваю з ім спадзевы на лепшую будучыню, на перамены ў краіне».

Хто ведае сучасную гісторыю, згадае: у 1994 годзе за Аляксандра Лукашэнку шмат хто галасаваў паводле прынцыпу «абы не за Кебіча». Праз 26 гадоў у чэргах да пікетаў беларусаў аб’ядноўвае прынцып «абы не за Лукашэнку».

Юлія Цяльпук, «Белсат»