Чаму віцяблянам забаранілі карыстацца добраўпарадкаваным пляжам?


У вёсцы Малыя Лётцы Віцебскага раёну забаранілі наведваць пляж на мясцовым возеры Шэвіна. Частку берагавой лініі з упарадкаваным пляжам мясцовыя ўлады перадалі ў арэнду санаторыю «Лётцы». Вяскоўцы і жыхары Віцебску вымушаныя карыстацца недагледжаным – «дзікім» пляжам возера. Грамадскія актывісты дамагаюцца скасавання забароны, мясцовыя ўлады не бачаць праблемы.

Пляж возера Шэвіна – звыклае месца адпачынку для жыхароў вёскі Малыя Лётцы і віцяблянаў: да абласнога цэнтру – каля 20 кіламетраў чыгункай. Але ў самую чэрвеньскую спёку праход да ўпарадкаванага пляжу загарадзілі, да «дзікага» берагу – 5 кіламетраў праз лес.

«Даехаць нязручна, канечне. Бо транспарту няма, і ад станцыі нельга дабрацца».

«Так, у горадзе дзецца няма дзе. Мы заўсёды прыязджалі ў Лётцы адпачываць да санаторыю, там зараз перакрытае ўсё. Абыходзімся гэтым, бо дзеці малыя – кожныя выходныя выязджаем».

«Людзям не надта зручна з таго берагу вакол абыходзіць, пры тым што побач ёсць пляж харошы. Гэтулькі гадоў ён існаваў – там і лодачная станцыя была, і катамараны, людзі прыязджалі, адпачывалі – з гораду і адкуль заўгодна. Не ведаю, як гэта ім было дазволена закрыць. Я, да прыкладу, супраць гэтага», – распавядаюць наведнікі дзікага пляжу.

Санаторый «Лётцы» атрымаў узбярэжжа возера ў арэнду: усталяваў агароджу і наладзіў праз сваю тэрыторыю прапускны рэжым. Адміністрацыя санаторыю дзейнічае законна і ў інтарэсах сваіх адпачыннікаў, чаго нельга сказаць пра мясцовыя ўлады, кажа грамадская актывістка.

«Простыя людзі, віцябляне, якія туды прыязджаюць (там выдатная транспартная камунікацыя, цягнікі) – ім няма месца. Як жа так атрымоўваецца? І каго ў гэтым вінаваціць? Натуральна, санаторый усё робіць законна, яны даглядаюць гэты пляж. Аднак для простых людзей там месца няма зусім», – кажа грамадская актывістка Алена Янушкоўская.

У забароне карыстацца ўпарадкаваным пляжам не бачаць праблемы ў Лятчанскім сельскім выканкаме: тут спрабуюць хаця б зняць забарону на праход праз тэрыторыю, і тое – для мясцовых жыхароў.

«У нас на раёне хапае пляжаў і адмысловых месцаў адпачынку з ратавальнікамі і ўсім астатнім. Ну, акрамя Лятчанскага возера. Для праходу праз тэрыторыю пытанне вырашаем для мясцовых жыхароў – іх павінны прапускаць, і пытанняў не павінна быць. Спіс грамадзянаў мы аддалі», – распавядае выканаўца абавязкаў старшыні Лятчанскага сельскага выканаўчага камітэту Алена Пузырэўская.

Калектыўны зварот да ўладаў усіх узроўняў, пад якім грамадскія актывісты збіраюць подпісы, утрымлівае адно патрабаванне: вярнуць пляж возера Шэвіна для агульнага грамадскага карыстання.

Галіна Абакунчык, belsat.eu