Чаму варта абдымацца?


Стаць шчаслівым не так складана, вынікае з падлікаў псіхолагаў. Паводле іх, для поўнага шчасця дастаткова абдымацца 40 разоў за дзень.

21 студзеня адзначаецца міжнародны дзень абдымкаў. Свята з’явілася ў ЗША больш за 30 год таму. Паводле медыкаў, абдымкі паляпшаюць здароўе і псіхічны стан чалавека.

Глядзіце сюжэт у выданні «Аб’ектыву»:

Абдымкі павялічваюць у арганізме ўзровень аксітацыну, сератаніну, дафаміну. Гэтыя гармоны адказваюць за шчасце і добры настрой. Колькі ж трэба абдымацца за дзень?

«Каб чалавеку выжыць, яму трэба хаця б пяць тактыльных кантактаў, хаця б рукапацісканне, хаця б нейкія дотыкі да пляча, каленкі, абдымкі. А каб быць шчаслівым, такіх тактыльных праяваў за содні мусіць быць не менш за 40», – кажа псіхолаг і аўтар кніг Дзіяна Балыка.

Маленькія дзеці маюць патрэбу ў абдымках найбольш. Так яны адчуваюць сябе ў бяспецы. Таксама абдымкі добра ўплываюць на фізічны стан чалавека.

«І нашыя абдымкі, і нашыя пацалункі трэнуюць наш імунітэт, таму што мы ўзаемадзейнічаем з рознымі мікробамі», – кажа Дзіяна.

А ці адчуваюць менчукі карысць ад абдымкаў?

«Настрой падымаецца, і радасней глядзець на свет».

«Гэта заўсёды эмоцыя цёплая, цёплы пасыл, і ён, зразумела, падтрымлівае таго, з кім абдымаюцца, і, канечне, дае сілаў і здароўя».

«Лягчэй робіцца на душы. Настрой падымаецца».

«Я вельмі шчадралюбная. Я ўвогуле лічу, што сына і мужа трэба абдымаць як мага часцей».

Дзякуючы абдымкам, у людзей таксама развіваецца эмпатыя ды зніжаецца рызыка развіцця сэрцавых хваробаў.

Летась у студзені ў Менску пахмурных дзён было ажно 23. Таксама і сёлета шмат сонца мы не бачым. А таму вітаміны шчасця і радасці можна атрымоўваць з альтэрнатыўных крыніцаў. Абдымайцеся часцей!

Наста Кахановіч belsat.eu