Чаму ў Беларусі ўпаў узровень беспрацоўя?


Працаўладкавацца ў Беларусі стала значна лягчэй. Калі год таму беспрацоўныя трацілі на пошукі працы восем месяцаў, то сёлета дастаткова сямі. Пра гэта распавяла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч. Ці адчулі паляпшэнні беларусы?

Перападрыхтоўка кадраў і арганізацыя курсаў прадпрымальніцтва – дзякуючы гэтым захадам ураду, як сцвярджаюць журналісты дзяржаўнага тэлебачання, у нашай краіне пачало змяншацца беспрацоўе. За паўгода ў Беларусі стварылі 30 тысячаў працоўных месцаў. Пра гэта ў інтэрв’ю «Беларусь-1» паведаміла міністр працы і сацыяльнай абароны Ірына Касцевіч:

«Больш за 50 % іх створаныя на дзейных буйных і сярэдніх прадпрыемствах. Аднак не прымушае сябе чакаць і малы бізнес. За 9 месяцаў у нас было створана больш за 7000 новых юрыдычных асобаў, якія ствараюць новыя працоўныя месцы».

Ці знайсці працу апошнім часам сапраўды стала лягчэй? Вось што на гэта адказваюць жыхары Віцебску:

«Думаецца, прасцей стала. Быў перыяд вельмі сур’ёзны. Цяпер лепш».

«Рынкі працы. Туды проста можна звярнуцца, там заўсёды дапамогуць і, магчыма, нават накіруюць на працаўладкаванне. Таму, я думаю, што прасцей знайсці».

«Па-мойму, як яно было, калі працы для насельніцтва не было, так яно і ёсць. А тая, якая ёсць, – яна за мізэрны заробак».

«Я думаю, што не, бо, мяркуючы са знаёмых, у людзей і выбар невялікі, і памер заробкаў не такі, які нам кажуць. Пяцьсот няма ніяк!»

Усяго 12 тысячаў чалавек у Беларусі зарэгістраваныя на біржах працы як беспрацоўныя. А вось апытанні, якія праводзіць Белстат, паказваюць лічбу ў 14 разоў вышэйшую – 167 тысячаў або амаль 4 % працоўнай сілы. Чатырохадсоткаваму беспрацоўю могуць пазайздросціць заможныя еўрапейскія краіны, да таго ж, паводле Белстату, яно ўвесь час зніжаецца.

«Адная з прычынаў, якія мне прыходзіць у галаву, – гэта ўсё ж старэнне насельніцтва. Нейкая частка людзей ужо стала пенсіянерамі. За кошт гэтага беспрацоўе пайшло ўніз», – лічыць Марыя Акулава, аналітык цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC.

Пры гэтым лічба людзей, якія не знайшлі легальнай працы ў Беларусі, можа быць значна вышэйшая, мяркуе старшыня Кангрэсу незалежных прафсаюзаў Аляксандр Ярашук. Паводле Міністэрства працы, у гэтак званай базе незанятых у эканоміцы ў лютым – 425 тысячаў чалавек, а гэта кожны дзясяты эканамічна актыўны беларус.

«Атрымлівалі гэтак званыя «лісты шчасця» людзі, якія даўным-даўно зʼехалі і ў Расею, і ў Злучаныя Штаты Амерыкі, і ў Еўропу», – нагадвае Аляксандр Ярашук.

Менавіта з працоўнаю міграцыяй эксперт звязвае і паляпшэнне статыстыкі беспрацоўя. Калі раней нашыя суайчыннікі працавалі амаль выключна ў Расеі, то цяпер расце папулярнасць Польшчы. Колькасць заявак аб прыёме на працу беларусаў, якія польскія фірмы высылаюць у свае памежныя службы і Міністэрства працы, за 5-годдзе вырасла больш як у 10 разоў.

«Мы можам сутыкнуцца з сітуацыяй, калі не будзе той актыўнай працоўнай сілы, якая будзе дапамагаць тым, хто выходзіць на пенсію. Адбываецца вымыванне чалавечага капіталу з эканомікі, і гэта становіцца барʼерам для нармальнага функцыянавання, для эканамічнага росту», – папярэджвае Марыя Акулава.

Працу за мяжою прапаноўваюць шмат якія прыватныя агенцтвы для працаўладкавання. Паводле Ірыны Касцевіч, цяпер іх налічваецца 163, а з пачатку года іх колькасць вырасла ў 5 разоў.

Аляксандр Папко belsat.eu