Чаму Лукашэнка абараняе міліцэйскі адстрэл беларусаў?


Усцяж не вядома, ці ў прытомнасці 28-гадовы мянчук Андрэй Гаўрош, ці пераведзены з рэанімацыі і ці нічога не пагражае ягонаму жыццю. Але нягледзячы на гэта старшыня СК ужо агучыў афіцыйныя абвінавачанні, а справа аб страляніне ў навагоднюю раніцу трапіла пад увагу кіраўніка краіны.

«Ён цяпер у статусе абвінавачанага ў аказанні супраціву працаўніку міліцыі, які выконвае службовыя абавязкі для аховы грамадскага парадку. На гэты момант яму абраная мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту, пакуль ён застаецца ў лячэбнай установе», – адчытаўся Іван Наскевіч.

Ніхто не мае аказваць супраціў працаўнікам міліцыі

Са спасылкаю на кіраўніка Беларусі Наскевіч дадаў, што Аляксандр Лукашэнка заявіў: ніхто не мае права аказваць супраціў працаўнікам міліцыі.

Дзяржава бароніць сваю манаполію на гвалт

Праваабаронца Гары Паганяйла распавёў, што ў судзе будзе шмат пытанняў не толькі да абвінавачанага.

«Магчыма супрацоўнік міліцыі апынуўся ўпершыню ў гэтай сітуацыі, стрэліў практычна ва ўпор у чалавека і яго паводзіны пасля страляніны могуць быць неадэкватнымі, бо проста сышоў з месца злачынства», – зазначыў спадар Паганяйла.

Паводле афіцыйнай версіі, малады чалавек спрабаваў завалодаць зброяй міліцыянта

Праваахоўнік у навагоднюю раніцу прыбыў на выклік у справе шуму ў адной з кватэраў на праспекце Любімава ў Менску. Чаму ў парушэнне ўнутраных інструкцыяў МУС працаўнік міліцыі быў адзін? Навошта ён страляў у спіну? І галоўнае пытанне: чаму міліцыянт проста сышоў з месца здарэння і нават не выклікаў хуткую?

З пазіцыі МУС вынікае, што Гаўрош, у якога было каля 2 праміле алкаголю ў крыві, напаў на 23-гадовага сяржанта, міліцыянт атрымаў чэрапна-мазгавую траўму ды іншыя пашкоджанні. Чаму міліцыянт не ўжыў іншых спецсродкаў, а адразу схапіўся за пісталет, ні ў МУС, ні ў СК не тлумачаць. Сведкі ж сцвярджаюць, што вінаваты міліцыянт.

У менчукоў няма адзінага стаўлення да тых падзеяў

«Гэта канешне бязмежжа. У нас заўсёды міліцыя мае рацыю».

«Мы не ведаем насамрэч, што там адбылося, з аднога боку, ведаеце як у нас пʼюць, а з іншага не ўсе ў міліцыі дрэнныя».

«Быў варыянт урэгуляваць гэта без зброі. Навошта тады рукапашны бой, чаму іх вучаць?».

– выказаліся жыхары сталіцы.

Андрэй Гаўрош цяпер перабывае ў вайсковым шпіталі ў цяжкім стане. Паводле выстаўленых абвінавачанняў яму пагражае да 5 гадоў пазбаўлення волі.

Аркадзь Несцярэнка, «Белсат»