Аб'ектыў 01.05.2019 Чаму Беларусь не жыве як Польшча. Тлумачаць эксперты


1 траўня 2019 года. Жыхары Варшавы святкуюць 15-годдзе ўступлення ў Еўразвяз. Фота – Andrzej Hulimka/ Forum

Сёння нашыя заходнія суседзі святкуюць 15 гадоў у Еўрапейскім Звязе. За 15 гадоў Еўразвяз даў Польшчы 107 мільярдаў еўраў датацыяў. Беларусь за гэты час атрымала прыблізна столькі ж нафтагазавых субсідыяў ад Расеі. Эксперты тлумачаць, чаму беларусы гэтага не адчулі.

Вялікім канцэртам і салютам на Нацыянальным стадыёне ў Варшаве Польшча адзначыла 15-годдзе далучэння да Еўразвязу. Згодна з апошнімі апытаннямі, у тым, што іхная краіна выйграла ад еўраінтэграцыі, перакананыя пяць палякаў з шасці.

Рэпартаж Аляксандра Папко глядзіце ў поўным выданні навінаў за 1 траўня

16 гадоў таму, калі на месцы Нацыянальнага стадыёну быў самы вялікі ў Еўропе базар, а сярэдні паляк зарабляў амаль у два з паловай разу менш, чым сёння, Еўразвяз выклікаў больш страхаў. Супраць далучэння да яго прагаласавала амаль чвэрць палякаў.

«Еўрапейская сельская гаспадарка сядзіць на датацыях, а польская – не. Баяліся, што Польшчу залье вялікая колькасць датаваных харчоў. Баяліся таго, што будуць масава скупляць польскія прадпрыемствы, якія не былі прыватызаваныя, што будуць масава скупляць нерухомасць», – кажа палітолаг Пётр Казажэўскі.

Страхі не спраўдзіліся. За гады сяброўства ў Еўразвязе экспарт польскіх харчоў вырас у тры з паловай разу, а краіна ператварылася ў зборачны цэх заходніх аўтаканцэрнаў. На Захад выехаў мільён палякаў, але гэта дазволіла перамагчы беспрацоўе.

У Польшчы вызваляцца працоўныя месцы для беларусаў

За 15 гадоў Еўразвяз даў Польшчы 107 мільярдаў еўраў датацыяў. Беларусь за гэты час атрымала прыблізна столькі ж нафтагазавых субсідыяў ад Расеі. Аднак Польшча скарачае адставанне ад найбагацейшых эканомік Еўропы значна хутчэй.

«У выпадку расейскай дапамогі яна вертыкальная. Яна ідзе наўпрост да ўладаў, якія здымаюць вяршкі, а потым самі пераразмяркоўваюць гэтую дапамогу ўнутры грамадства – відавочна, дбаючы пра сваё палітычнае выжыванне. У выпадку дапамогі Еўрапейскага Звязу гаворка ідзе пра гарызантальнае размеркаванне сродкаў», – кажа палітолаг Алесь Лагвінец.

Еўразвяз дае грошы не на падтрыманне стратных заводаў, а на будову дарог, мастоў ды аэрапортаў, на развіццё адукацыі, прадпрымальніцтва і ахову навакольнага асяродку. Аднак сакрэт эканамічнага росту – зусім не ў еўразвязаўскіх грошах, а ў еўразвязаўскіх законах, якія бароняць канкурэнцыю на рынку, кажа эксперт.

«Добра, калі краіны вырашаюць, што будуць праводзіць супольную эканамічную палітыку, якую будзе рэгулявацць орган, што стаіць вышэй за іх. Асабліва гэта важна для краінаў, якія яшчэ інстытуцыйна не ўмацаваліся, дзе занадта моцныя групоўкі, якія дзеюць дзеля ўласнага інтарэсу, а не дзеля агульнанацыянальнага», – кажа Пётр Казажэўскі.

«Усходняе пашырэнне 15-гадовай даўніны было самае маштабнае ў гісторыі Еўрапейскага Звязу. Наступнымі да Аб‘яднанай Еўропы далучацца балканскія краіны. Не забываюцца пра свае еўрапейскія амбіцыі і Украіна, Малдова ды Грузія. Аднак гэта не азначае, што дзверы Аб’яднанай Еўропы закрытыя для нас. Згодна з дамоваю аб Еўрапейскім Звязе далучыцца да яго можа кожная краіна Еўропы, якая мае дэмакратычны лад і эфектыўную рынкавую эканоміку».

Аляксандр Папко, «Белсат»

Глядзі таксама
Каментары