Бюжэтнікі выходзяць на пратэст


Медыкі, навукоўцы, пенсіянеры – выказваць свой пратэст пачынаюць прафесійныя і сацыяльныя групы, якія раней трымаліся здаля ад палітыкі. Чаму бюджэтнікі больш не баяцца, і ці ўплываюць пратэсты на ўлады? Распавядзе Аляксандр Папко.

Позвы ў пракуратуру атрымалі 16 віцебскіх медыкаў. На мінулым тыдні яны апублікавалі відэазварот да народу і ўладаў Беларусі.

«Ці паўплывае гэта на мае погляды? Ні ў якім разе! Я і далей буду працягваць займацца тою справай, якую я лічу правільнай. Я не думаю, што нехта з маіх калегаў памяняе свае погляды пасля ўсяго гэтага. Я лічу, што любы сілавы метад, які прымяняецца супраць каго б ні было, мае адваротны эфект», – кажа рэаніматолаг Расціслаў Савіцкі.

На позвах – подпіс пракурора Віцебску Юрыя Раманоўскага. У відэазвароце медыкі патрабавалі раскрыць статыстыку смяротнасці ад ковІду-19 і пакараць сілавікоў, якія катавалі людзей.

«Мы замарыліся ад прыніжальнага стаўлення да нас, ад хлусні з экранаў дзяржаўных тэлеканалаў. А цяпер нас сталі затрымліваць, пераследаваць за нашыя думкі, нашыя перакананні, нашыя погляды. А разам з намі пераследуюць нашых сяброў, нашых жонак і мужоў, нашых дзяцей. Пераследуюць наш беларускі народ!» – гаворыцца ў звароце.

Відэазварот да ўладаў на гэтым тыдні запісалі асобна дактарЫ Горадні. Медыкі таксама запісалі зварот на падтрыманне страйкоўцаў, хаця самі яны застануцца на працоўных месцах, каб ратаваць людскія жыцці. Таксама за сем апошніх дзён дактары Беларусі адрасавалі ўладам два адкрытыя лісты.

«Была размова з галоўным лекарам. Ён звярнуў увагу на тое, што ў мяне сям‘я, і варта паводзіць сябе асцярожней. Я адказаў яму, што я так сябе паводжу менавіта таму, што ў мяне сям’я, і я хачу шчаслівай і свабоднай будучыні сваім дзецям!» – распавядае эндаваскулярны хірург Віктар Вараняеў.

Супраць беззаконня сілавікоў ды за правядзенне новых выбараў выступаюць не толькі дактары, але і навукоўцы ды спартоўцы. Раней з палітычнымі патрабаваннямі гэтыя прафесійныя групы супольна не выступалі.

«Меркаванне найбольш актыўнай, разумнай і кемлівай часткі прафесійных супольнасцяў, безумоўна ўплывае на астатніх, на пасіўную частку грамадства і на рэшту прафесійных супольнасцяў», – упэўнены філосаф-метадолаг Уладзімір Мацкевіч.

«Абавязкі наймальніка ў пераважнай ступені не выконваюцца. Усіх доўгі час гэта чамусьці задавальняла і задавальняе да гэтай пары. Адна з формаў паводзінаў, якую трэба чакаць цяпер ад медычнай супольнасці, – гэта патрабаваць свайго».

Да грамадскага пратэсту далучыліся нават асобныя сілавікі. Міліцыянты, якія нядаўна звольніліся з палітычных меркаванняў, стварылі ініцыятыву «ByPol». Яе мэта – абараніць сумленных міліцыянтаў ад ціску начальства і стварыць прафсаюз.

«Шмат якія загады кіраўніцтва даюцца вусна, а працаўніку прыходзіцца фальсіфікаваць адміністратыўныя матэрыялы пісьмова. Усе гэтыя дакументы ўсё роўна застануцца. Я спадзяюся, што стварэнне прафсаюзаў, асвятленне сітуацыі ў медыях, тэлеграм-каналах, «Інстаграме» дапаможа перавесці хоць частку гэтых людзей на наш бок», – лічыць былы міліцыянт, стваральнік «BYPOL» Уладзімір Жыгар.

Шэсці, у якіх бяруць удзел больш за 100 тысяч асобаў, штотЫдзень адбываюцца ў Менску са жніўня. Як яны паўплывалі на міліцыянтаў?

«У шэрагах працаўнікоў ёсць пэўны раскол. Шмат хто ўжо стаміўся хадзіць па вуліцах, з 22 ліпеня несці службу ва ўзмоцненым варыянце, і я не думаю, што яны цяпер аб’ядноўваюцца вакол Лукашэнкі. Вельмі многія, з таго, што нам вядома, супраць таго, што адбываецца цяпер у краіне», – кажа Уладзімір Жыгар.

Пратэсты сысці ў адстаўку Лукашэнку пакуль не прымусілі, але паволі разгойдваюць уладную вертыкаль, мяркуе Уладзімір Мацкевіч.

«Здымаць сцягі, замалёўваць муралы – усё гэта ад жадання не бачыць пратэсту, схавацца, засунуць галаву ў пясок, каб не бачыць, не ведаць, нібыта гэтага няма. Гэта сведчыць пра разгубленасць і фрустрацыю», – мяркуе Уладзімір Мацкевіч.

Ад ідэі правесці ў нядзелю трохсоттысячны мітынг сваіх прыхільнікаў у сталіцы ўлады нечакана адмовіліся. Тым часам апазіцыйна настАўленыя беларусы заўтра ідуць на чарговае, 11-ае з ліку шэсце. Патрабаванні ранейшыя: спыніць гвалт сілавікоў, выпусціць палітвязняў і правесці новыя выбары.

Аляксандр Папко, «Белсат»