Бюджэт пражыткавага мінімуму павялічыўся на 6 рублёў


Шэсць рублёў. На столькі павялічваецца з сённяшняга дня бюджэт пражыткавага мінімуму, які складзе 230 рублёў у сярэднім на душу насельніцтва. Менавіта такая сума, паводле Міністэрства працы і сацыяльнай абароны неабходная, каб пражыць адзін месяц у Беларусі.

Бюджэт пражыткавага мінімуму пераглядаецца кожныя 3 месяцы і ўсталёўваецца па катэгорыях грамадзянаў. Гэтая велічыня складаецца з мінімальна неабходнага набору прадуктаў, нехарчовых тавараў і паслугаў.

Ці хапіла б менчукам тых 230 рублёў на базавыя патрэбы?

«Не. Бо лекі для старэйшага пакалення каштуюць нашмат больш. Ёсць такія лекі, якія каштуюць і 70 рублёў, і 80 рублёў».

«Пры самых мінімальных затратах павінна быць рублёў 400, мо 500».

«У мяне 4 дачкі і жонка. І я атрымліваю 230 памножанае на колькасць чальцоў сям’і і даю рады».

«Каб задаволіць базавыя патрэбы чалавека, трэба рублёў 800, але гэта мінімум».

Разам з ростам бюджэту пражыткавага мінімуму павялічваюцца адпаведна шмат якія выплаты і дапамогі. Сярэдняя працоўная пенсія цяпер складзе 438 рублёў, пенсія паводле ўзросту 446 рублёў.

У сярэднім на два пачкі памперсаў вырасла дапамога пры нараджэнні першага дзіцяці, і цяпер яна складае 2309 рублёў. Або дзесяць бюджэтаў пражыткавага мінімуму. А вось дапамога на другое дзіця вырасла на тры пачкі памперсаў і складае цяпер 3232 рублі.

Таксама павялічыліся памеры дапамогаў жанчынам, якія сталі на ўлік да 12 тыдняў, дапамога ў доглядзе за дзіцём ва ўзросце да 3 гадоў і ў доглядзе за дзіцём з інваліднасцю.

Разам з дапамогамі растуць і кошты на некаторыя віды цыгарэтаў. Праўда, нязначна, да 10 капеек. Але паліць цяпер стане не толькі даражэй, але і складаней. Бо яшчэ 27 ліпеня пачала дзеяць забарона паліць на прыпынках, у гандлёвых цэнтрах, гатэлях ды іншых грамадскіх месцах.

Наста Кахановіч, belsat.eu