Бяздомнікаў накармілі ежай ад шэф-кухара


Суп ад шэф-кухара рэстарацыі – гэта сапраўднае свята для чалавека, які не можа сабе дазволіць схадзіць у звычайную краму. Бесхацінцам пра гэта застаецца толькі марыць. Грамадская арганізацыя «Водгук» сёння ператварыла мару ў рэчаіснасць.

У межах сацыяльнага праекту «Дапамога бяздомным» адбылося ўжо тры акцыі. Гэтым разам супольна з кухарамі менскіх рэстаранаў. Ахвотных паспрабаваць рэстаранную ежу аказалася нямала.

«Абеды вельмі добрыя. Суп гарачы. Гэта такое шчасце для іх. Вось сёння дождж ідзе. Дзе ім сагрэцца? Адусюды праганяюць, правільна?» – кажа Ірына Анцілеўская.

Арганізацыя «Водгук», хоць і не на рэстаранным узроўні, але пяць разоў на тыдзень корміць людзей. Прыйсці могуць не толькі бесхацінцы, але ўсе, хто мае патрэбу ў цёплым абедзе. Таксама на пачатку верасня інтэрнэт абляцелі фотаздымкі бяздомнікаў з новымі фрызурамі ад майстраў з барбэршопу «TOPGUN», цырульняў «Марафет» і «ПроСтрыжка», якія згадзіліся далучыцца да кампаніі ў свой выходны. Так адбылося і сёння з кухарамі.

Канстанцін Белявец, былы шэф-кухар:

«Калі ты маеш магчымасць дапамагчы чалавеку, няважна, добры ён ці дрэнны (дрэнных, мне падаецца, увогуле не бывае, бываюць тыя, у якіх ёсць складанасці), класна, калі ты можаш не забыць скарыстацца гэтай магчымасцю. Бо адмовіць мы можам заўсёды».

Акцыі дапамогі бесхацінцам не заўсёды праходзяць у станоўчай атмасферы. Гэтак, неаднойчы праваахоўнікі перашкаджалі актывістам ініцыятывы «Ежа замест бомбаў», якія перыядычна раздаюць абеды ў сталічным Міхайлаўскім скверы. Сённяшнюю імпрэзу кампанія «Водгук» правяла ў сваім прытулку. Якія ж асноўныя мэты?

Распавядае Валер Еранкевіч, каардынатар сацыяльнага служэння, «Водгук»:

«Перш за ўсё – гэта накарміць людзей, а другая – для таго, каб людзі ўбачылі, што яны не ў адзіноце, што ёсць людзі з добрым сэрцам, якія хочуць іх падтрымаць у гэтыя цяжкія часы і цяжкія ўмовы, у якіх яны знаходзяцца. Вось такія, а не нейкая там рэклама».

Прытулак «Водгуку» у Фрунзенскім раёне Менску фактычна выконвае функцыю своеасаблівага цэнтру для бяздомнікаў, куды можа прыйсці любы ахвотны, каб паесці, атрымаць неабходную медычную, псіхалагічную і юрыдычную дапамогу, а таксама адзенне.

Марыя Арцыбашава belsat.eu