«BY_HELP» і «BYSOL» – дапамога пацярпелым беларусам


Сям‘я як з карцінкі, толькі карцінка ўсё ж няпоўная. Бацькі Аляксея Елісеева няма побач з сям’ёю: ён сядзіць у ізалятары. 15 содняў яму далі за рэпост фільму Нехты «Крымінальныя матэрыялы» ды яшчэ 15 – за выступ на пікеце для збору подпісаў за кандыдатаў. Жонка і шасцёра няпоўнагадовых дзяцей засталіся самыя.

«Без Аляксея складана, бо асноўны даход быў заўсёды на мужу. Атрымліваецца, што нават фінансавыя пытанні мне трэба вырашаць самой. Трэба ўвесь час некаму дзяцей пакідаць, каб некуды бегчы, зарабляць…», – кажа са слязамі на вачах Вольга Елісеева, жонка арыштаванага.

А грошы патрэбныя не толькі на ежу для шасцёх дзетак, кажа Вольга:

«Усіх дзяцей трэба ў школу сабраць, апрануць, абуць. Нават у садок трэба такая ж сума, каб апрануць і абуць», – кажа Вольга Елісеева.

Знаёмыя ды нават незнаёмыя людзі пачалі дапамагаць сямʼі – і маральна, і фінансава, і сваёй працаю. А хтосьці параіў звярнуцца ў фонды падтрымання пацярпелых. Літаральна на наступны дзень сямʼі Елісеевых пералічылі тысячу рублёў.

«Я пайшла, канечне ж, купіла школьную форму, канцтавары, бо гэтая сума вельмі прыстойная», – кажа жанчына.

Тату сям’я чакае 4 верасня.

«Я не адна такая, хто апынуўся ў такой сітуацыі. І ўдзячная ўсім людзям, якія разумеюць, што ўсё адно падымаць дзяцей трэба, расціць трэба, бо невядома, калі яны адтуль выйдуць і што будзе далей».

Тым часам з ізалятару часовага ўтрымання выйшаў Ілля Міронаў. Ягоная віна ў тым, што стаяў ля заводу «Гомсельмаш» з бел-чырвона-белым сцягам. Невядомая жанчына вырвала і пачала таптаць сцяг. Міліцыянты ўмяшаліся ў канфлікт і арыштавалі… Іллю Міронава. За ўтрыманне ў ізалятары яму выставілі рахунак – 120 рублёў, а суд даў штраф – 20 базавых. Пасля вызвалення ў сваім акаўнце ў «Фэйсбуку» а 10 гадзіне ўвечары Ілля папрасіў дапамогі:

«На раніцу я вельмі моцна здзівіўся і ўсцешыўся, бо неабходная сума была сабраная».

Людзі прыватна ахвяруюць грошы ды праз ініцыятывы – як, напрыклад, «BY_help». Тры мільёны долараў: столькі сабралі пацярпелым ад рэпрэсіяў у нашай краіне.

«Гэта тыя, хто пацярпеў ад рук сілавікоў 9-13 чысла, людзі, якія атрымалі штрафы за ўдзел супраць Лукашэнкі, пачынаючы з чэрвеня 2020 года, людзі, якія патрабуюць аплаты адвакатаў у сувязі з гэтымі ж падзеямі», – Аляксей Лявончык з ініцыятывы «BY_HELP».

Дзеіць таксама і Фонд салідарнасці, які падтрымлівае тых, хто страйкуе або страціў працу праз палітычныя рэпрэсіі.

Вольга Старасціна, «Белсат»

Фота: ТК / belsat.eu