«Burger King» хацеў рэкламы, а атрымаў скандал


Хацелі прыцягнуць кліентаў, але прыцягнулі скандал. Сетка «Бургер Кінг» на доўгіх выходных у Горадні і Берасці паабяцала немалую зніжку тым, хто мае карту паляка. Але прапанова не ўсцешыла ўладальнікаў карты, а нават абурыла. Сярод незадаволеных і тыя, каму давялося плаціць поўны кошт.

І як карта паляка, толькі карта курчака. А з ёй і немалая зніжка – мінус 25 % на «Чыкен Фры». Аднак смачная прынада для ўладальнікаў карты паляка стала… косткай у горле. Бо не ўсе ўладальнікі нелюбімага ўладамі Беларусі дакументу гатовыя паказваць яго ў нашай краіне. Не даспадобы польскай меншасці і гульня з назовам карты – ці то паляка, ці то курчака. Хаця не ўсе берасцейцы і гарадзенцы такія пераборлівыя.

Жыхары Горадні:

«Магічнае слова «зніжка». Зніжка заўсёды добра. Таму ў якім бы выглядзе яе ні прапаноўвалі – гэта цудоўна».

«25 % з курыцы – гэта добра, добра!»

На грашовыя прывілеі ў страўнях для польскай меншасці ў Горадні і Берасці беларуская большасць адрэагавала без энтузіязму.

Жыхары Горадні:

«Чаму ім зніжкі, а беларусам не?»

«Неяк несправядліва, што нашым не робяць зніжкі, а тым, хто некуды яшчэ ездзіць і мае карту паляка, то робяць».

Але найбольш кіпела абурэнне пад рэкламнымі пастамі кампаніі ў сацыяльных сетках. Кампанія як магла апраўдвалася.

Разлік кампаніі, відавочна, быў такі: уладальнікаў карты паляка ў Беларусі – блізу ста тысяч чалавек. Калі яны прывядуць сяброў, то выгада яшчэ ўзрасце. Вось толькі выручка не павялічылася, бо, як удалося высветліць у працаўнікоў страўні, скарысталіся акцыяй толькі некалькі чалавек.

«Яны стварылі прэцэдэнт нацыянальнай сегрэгацыі. Г. зн. людзям, якія дэкларуюць сябе палякамі, даюць 25 адсоткаў зніжкі на тэрыторыі Беларусі. Ды не важна дзе, у любой краіне – гэта апартэід фактычна», – кажа публіцыст Севярын Квяткоўскі.

Публіцыст перакананы, што маркетолагі памылкова не атаясамілі карту паляка… з нацыянальнасцю.

«Людзі не разумеюць, што такое карта паляка, яны думаюць, што гэта проста бонус, халява толькі таму, што твая бабуля ці дзядуля нарадзіліся на тэрыторыі Заходняй Беларусі. А насамрэч «народ польскі» – гэта значыць польская нацыя. І калі чалавек атрымлівае карту паляка, то ён дэкларуе сваю прыналежнасць да польскай нацыі», – кажа Севярын Квяткоўскі.

Абураныя як уладальнікі карты паляка, гэтак і яе крытыкі. Яны сыходзяцца ў адным – у спадзяванні, што маркетолагаў будзе чакаць разбор палётаў, па выніках якога яны даведаюцца не толькі, як смакуе, але і як лётае бургераўскі курчак.

Вольга Старасціна belsat.eu