Аб'ектыў 19.07.2019 Бунтуюць пекары Любанскага хлебазаводу


Зладзілі мадэрнізацыю, павялічылі аб’ёмы вытворчасці, а выплаты працаўнікам – скарацілі. Абураныя раптоўным падзеннем заробкаў, што цяпер не дацягваюць да мінімальнага, пекары Любанскага хлебазаводу, што на Меншчыне, выйшлі на стыхійны мітынг.

Вось гэтая сушка – вырабленая на Любанскім хлебазаводзе, які размяшчаецца праз пару кіламетраў далей па гэтай дарозе. За гэтым вырабам стаіць цяжкая праца амаль сотні работнікаў. Па выніках мінулага месяца гэтыя людзі даведаліся, што іхны заробак абваліўся амаль удвая і цяпер нават не дацягвае да мінімальнага спажывецкага бюджэту.

Абураны калектыў адной з трох зменаў сабраўся напярэдадні на прахадной заводу.

«Цяпер 280, а колькі раней было?» – «Было 450–500 рублёў». – «А калі апошні раз было 450–500?» – «Ну вось апошні месяц было, у траўні».

«Мы стаім змену, 16 гадзін працуем і атрымліваем 5 рублёў 80 капеек. 5 рублёў 80 капеек! Памножыць на 20 – 116 рублёў!» – «Гаворка ж пра 300…» – «Плюс за кантракт, прафмайстэрства і за стаж – вось і ўвесь наш заробак!» – абураюцца працаўнікі.

На сустрэчу з працаўнікамі прыбыла дэлегацыя кіраўніцтва на чале са старшынём мясцовага райспажыўсаюзу Мікалаем Корбутам. Хлебазавод перайшоў у склад райспажыўтаварыства ў мінулым месяцы і менавіта тады здарылася падзенне заробкаў.

«Заробак, што са слоў казалі, атрымалі 350–360 рублёў, я глядзела, што было налічэнне, у сярэднім – 750–650. За вылічэннем авансаў, карпаратыўнай сувязі, якую аплочвае прадпрыемства, і бралі нейкую прадукцыю ў лік заробку. Да выплаты на рукі прыходзілася 350–360 рублёў. Пры гэтым за мінусам былі падаходныя і пенсійныя вылічэнні. Мне паяснілі: раней заробак налічваўся на тысячу. Але, як агучыў раней выканальнік абавязкаў Віктар Іванавіч, калі ўпала прадуктыўнасць працы, то ім, паводле палажэнняў аб аплаце працы, не прадугледжаныя ніякія заахвочвальныя выплаты», – аргументуе галоўная юрыстка Любанскага райспажыўтаварыства.

Кіраўніцтва сцвярджае, што фінансы хлебазаводу пагаршаліся ўжо некаторы час.

«Цана на хлеб рэгулюецца дзяржавай, і толькі на 0,5 % можна падняць цану цягам месяца. А цана на муку за апошні год вырасла больш чым на 25 %», – тлумачыць Віктар Грыгаровіч, намеснік старшыні арганізацыі.

Дырэктар Мікалай Корбут тлумачыць цяжкую сітуацыю ў гэтым месяцы, па-першае, падзеннем аб’ёмаў. Як за кошт меншага попыту ды большай канкурэнцыі, так і з-за выкарыстання канкурэнтамі адміністратыўнага рэсурсу.

«Раней мы вазілі ў салігорскі «Еўраопт», а потым нас выцеснілі. Старшыня выканкаму даў каманду не браць любанскага хлеба», – распавядае Мікалай Корбут.

Па-другое – буйныя супермаркеты хранічна не расплачваюцца.

«Дабраном» – недзе 8500 на сённяшні дзень. «Еўраопт» – 15 000. Ну, гэта атрымліваецца два месяцы нявыплатаў. Яны як бы плацяць крыху, але пратэрмінаванай запазычанасці не пагашаюць», – канстатуе галоўная бухгалтарка Святлана Шаплыка.

Надзеі на захаванне калектыву заводу кіраўніцтва ўвязвае з магчымай экспансіяй на рынак суседняга – Старадарожскага раёну.

«Старыя Дарогі хочуць закрыць свой хлебазавод. Яны ўвогуле пякуць 25 тонаў на месяц, і страты іх за гэтае паўгоддзе склалі 74 тысячы, можаце ўявіць. Ну і яны згоды пыталіся, ці пацягнем мы наш рэгіён. Ну я… можа толькі трэба будзе дабавіць 2 машынкі», – распавядае Мікалай Корбут.

Любанскі хлебны завод прайшоў мадэрнізацыю ў 2007 годзе. Пазалетась і яшчэ год да гэтага туды паставілі новыя печы. На прадпрыемстве працуюць тры змены па 9 чалавек.

Станіслаў Івашкевіч, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары