Будзе шукаць $ 500 заробку. Кар’ерны скачок міністра Жарко

[vc_row][vc_column][vc_column_text]На пасадзе міністра аховы здароўя – рэкордныя амаль 11 гадоў, цяпер – віцэ-прэмʼер у сацыяльнай палітыцы. Месца Наталлі Качанавай заняў Васіль Жарко.

Паводле Аляксандра Лукашэнкі, прызначэнне Жаркова на пасаду віцэ-прэм’ера абумоўленае ягоным вялізарным досведам на пасадзе міністра аховы здароўя.

«Напэўна, ніхто столькі не затрымліваўся на міністэрскай пасадзе», – адзначыў Лукашэнка.

Нарадзінец Драгічынскага раёну Жарко ўзначальвае Міністэрства аховы здароўя з 2006-га года. Пасля медычнай вучэльні з другога разу паступіў у Менскі медычны інстытут. А ўжо на першым працоўным месцы ў інтэрнатуры Берасцейскага дзіцячага абласнога шпіталю здарылася і лёсавызначальная сустрэча – з Людмілаю Пастаялкаю, якая перадусім запомнілася беларусам як маці Ірыны Абельскай, асабістай доктаркі Лукашэнкі.

«На мой погляд, вельмі цікава, хто зараз стане міністрам аховы здароўя, бо ў кулуарах вядома, што Ірына Абельская – адна з кандыдатак на гэтую пасаду. І можа пад яе і расчышчалася гэтае месца», – кажа журналістка Святлана Калінкіна.

Сам Жарко перад тым, як заняць гэтае месца, беспасярэдняю медычнаю практыкаю займаўся прыблізна 6 гадоў, а з пачатку 90-ых заняўся бюракратычнаю кар’ераю.

Праца ва ўпраўленні аховы здароўя Берасцейскага выканкаму, дырэктар санаторыю, кіраўнік беларускага Чырвонага Крыжа. За дэкаду ў якасці ўжо міністра пытанняў і прэтэнзіяў да яго назбіралася дастаткова. Да прыкладу, пры ім дактары пачалі навязваць беларускія лекі замест імпартавых, ён жа распачаў барацьбу з гэтак званым самалекаваннем, бо мяркуе, што нават безрэцэптурныя лекі мусіць выпісваць доктар.

«Грамадзяне пачалі ў аптэку хадзіць як у краму. Дома ў кожнага цэлыя аптэчныя кіёскі», – казаў Жарко.

Галоўныя праблемы, якія Жарко пакідае пасля сябе – нястача медычных кадраў, і чэргі ў паліклініках, з якімі не далі рады ані летась, ані сёлета.

Чаму пры такіх антызаслугах чыноўнік ідзе на павышэнне?

«Належнасць да сістэмы, негатовасць праводзіць нейкія рашучыя рэформы – значыць больш, чым прафесійныя кампетэнцыі, – лічыць журналістка Naviny.by Адар’я Гуштын. – Паўтару яшчэ раз: сёння медыцына знаходзіцца ў скрайне цяжкім становішчы. Калі казаць пра праблемы, то найперш трэба адзначыць нізкія заробкі лекараў – гэта праблема, пра якую мы кажам вельмі шмат год».

Цяпер Жарко зоймецца і сферай адукацыі, і спортам, і нават будзе шукаць тыя самыя $ 500 долараў сярэдняга заробку.

«Качанава і Жарко – гэта тыя чыноўнікі, якія выканаюць любыя загады, – лічыць Калінкіна. – У гэтым сэнсе гэта дрэнныя прызначэнні. Бо яны не пашкадуюць нікога: ні хворых, ні старых, ні школу ні ахову здароўя».

Пры гэтым, як і іншыя беларускія чыноўнікі такога рангу, Жарко перадусім клапоціцца пра свой камфорт: валодае элітнаю кватэрай у Драздах плошчаю 123 квадратных метры ды будуе катэдж за Нацыянальнаю бібліятэкаю, вартасць якога можа сягаць мільёна долараў.

Таццяна Рэут

Глядзі таксама