Вярнуць бракаваны тавар стала прасцей


Падманулі з коштам тавару? Пашкоджаная або проста няўдалая пакупка? Абараніць свае правы стала прасцей.

Прасцей, але давядзецца захаваць фірмовы пакунак, бо без яго грошай за бракаваны тавар не вернуць. Сродкі прадавец мусіць перадаць у той форме, у якой пакупнік іх заплаціў. То бок, калі гэта былі наяўныя грошы, то так і трэба вяртаць.

«Калі аплата рабілася па картцы, то па справядлівасці й вяртаць грошы трэба на картку. Я думаю, што змены прадыктаваныя зваротнаю сувяззю з пакупнікамі, бо ўзнікалі пытанні, калі чалавек плаціў наяўныя грошы, а нейкая арганізацыя ці крама пераводзілі яму грошы на нейкі рахунак», – кажа прадпрымальнік Вячаслаў Піліпук.

Нядобрасумленным прадаўцам будзе складаней, бо кошт, краіна паходжання і клас энергаэфектыўнасці мусіць быць пазначаны зручным шрыфтам. Інфармацыю трэба змяшчаць на беларускай ці расейскай мове.

Змены спрасцілі працэдуру вяртання дарагіх тавараў і тэхнікі. Цяпер, каб вярнуць той жа тэлевізар, дастаткова нават дробных дэфектаў. Спраўджваць якасць тавару будуць тыдзень замест ранейшых двух. Спажывец мусіць здаць тавар цягам 30 дзён пасля пакупкі. Не даўжэй мусіць адбывацца і гарантыйны рамонт. Калі ж не забраць тавар цягам двух месяцаў, то давядзецца заплаціць за яго захоўванне.

«Трэба разумець, што буйнагабарытная тэхніка, асабліва лядоўні, газавыя пліты, займаюць месца на паліцы прадаўца. Справядліва будзе за гэта заплаціць, калі гэта з віны самога пакупніка», – працягвае Вячаслаў Піліпук.

Нарэшце закон дае спажыўцу права скасаваць дамову аб выкананні нейкай паслугі з працаўніком – без тлумачэння прычынаў. Давядзецца толькі скампенсаваць імаверныя выдаткі. Уведзеныя змены абароняць і асабістыя дадзеныя грамадзяніна. Цяпер пашпартныя звесткі ўказваюцца толькі ў тым выпадку, калі яны зафіксаваныя ў дамове.

Любоў Лунёва, фота – Павел Алейнікаў