Большы ціск – менш сведкаў


Рашэння паводле адміністратыўнай справы за нібыта ўдзел у несанкцыянаваным масавым мерапрыемстве галоўны рэдактар парталу NewGrodno.by Ігар Бублікаў (Рэмзік) не пачуў. Справу адправілі на дапрацоўванне. Затрымалі журналіста падчас працы на пратэсце ў Горадні ў мінулую нядзелю, сарвалі з яго камізэльку з надпісам «Прэса» і адвезлі ў ізалятар.

«Сёння на судзе вельмі ўсё хутка, апыталі сведку Вольгу К., пасля запыталі, дзе мой рэсурс зарэгістраваны, як я гэта пачынаў, як я ІП рэгістраваў, і ўсё. І перанеслі суд на тыдзень», – распавёў галоўны рэдактар парталу NewGrodno.by Ігар Бублікаў (Рэмзік).

Апроч яго самога ды адной сведкі на паседжанне нікога не дапусцілі. Афіцыйная прычына абмежавання – небяспека каронавіруса. Пра гэта суд напісаў у абвестцы, спасылаючыся на загад Вярхоўнага Суда ад 28 верасня. Падобная абвестка сёння з’явілася і на будынку суда ў Гомлі. Вярхоўны Суд, аднак, даводзіць: у звязку з прафілактыкаю Ковід-19 ніякіх забаронаў для грамадзянаў няма.

«Адным з пунктаў гэтага плану прадугледжана, што работнікі, удзельнікі працэсу ды іншыя наведнікі дапускаюцца ў будынак толькі без прыкметаў рэспіраторных захворванняў і ў сродках індывідуальнай засцярогі. Гаворкі пра забарону наведвання судоў грамадзянамі не ішло і не ідзе», – паведаміла прэс-сакратарка Вярхоўнага суда Юлія Ляскова.

На практыцы ж – сітуацыя выглядае як перашкода галоснасці, мяркуюць праваабаронцы. Спачатку ў адміністратыўных справах сведкам-міліцыянтам дазволілі выступаць у балаклавах і са змененымі імёнамі. Цяпер на адкрытыя паседжанні не трапілі журналісты ды праваабаронцы. Ціснуць на журналістаў таксама кропкава. Раніцай міліцыя правяла ператрус у Анастасіі Шаркевіч – рэкламнай менеджаркі газеты «Народная воля», якая раней працавала на дзяржаўных тэлеканалах.

«У сувязі з нейкімі паведамленнямі ў тэлеграм-каналах, якія яны спрабавалі прыпісаць мне. Я сказала, што я ні пра што ўвогуле не ведаю, што за паведамленні. Я не магла. Якія дарогі я магла блакаваць? Я еду з працы дадому», – сказала менеджарка ў рэкламе газеты «Народная воля» Анастасія Шаркевіч.

З ператрусам міліцыя сёння прыйшла і да Дзмітрыя Сухенкі, адміністратара тэлеграм-каналу «Грушвилль» – суполкі жыхароў менскае Грушаўкі. Гэтаксама, як і ў Анастасіі Шаркевіч, забралі тэхніку на падставе распачатае крымінальнай справы. Пра імаверныя прычыны ціску мы запыталіся ў жыхароў мікрараёну.

«Грушаўка проста такі прагрэсіўны раён, малады, і сабралася канцэнтрацыя актыўных людзей са сваёй пазіцыяй. Але я думаю, што кожны мае права выказваць сваё меркаванне».

«А навошта разглядаць бел-чырвона-белы сцяг як забароненую сімволіку? У мяне ўзнікае такое ж пытанне. Мне складана адказаць на гэтае пытанне. Усё, што робіцца з гэтага пункту гледжання, яно ў прынцыпе выклікае пытанне: навошта?»

«Я наколькі разумею, цяпер усе небяспечныя. І вы, і я».

Паводле Беларускай асацыяцыі журналістаў, у верасні працаўнікоў незалежных медыяў затрымлівалі 60 разоў. За кратамі застаюцца 10 журналістаў. У той жа час ціск на актывістаў таксама не меншае. Толькі сёння, паводле праваабарончага цэнтру «Вясна», у Беларусі адбылося прынамсі 15 адміністратыўных пасяджэнняў, якія разглядалі справы ўдзельнікаў мірных акцыяў пратэсту. Пакаранне – ад пяці да сямі содняў арышту ды штрафы ад двухсот сямідзесяці да 1080 рублёў.

Юлія Лабанава, «Белсат»