Большасць насельніцтва Венесуэлы знаходзіцца за рысай беднасці


Апошнія цвікі ў эканоміку Венесуэлы. Працяглая гіперінфляцыя ў краіне і харчовы крызіс прывялі да таго, што больш за 9 мільёнаў чалавек у Венесуэле пакутуюць ад голаду. Не маючы грошай, людзі на ўскрайку сталіцы краіны, Каракасу, будуюць дамы з падручных сродкаў: бамбуку ды… бруду.

«Тут мы знаходзім усё, каб пабудаваць дах. Выпростваем цвікі, шукаем кавалкі дроту, каб пакласці на страху. У нас няма грошай на ежу, не кажучы ўжо пра цэглу ці цэмент», – кажа мясцовая жыхарка Ксіёмара Альварэс.

Такія хаткі ўжо пабудавалі сабе 14 сем’яў. Усе дамы без электрычнасці, водаправода і каналізацыі. Сем’і атрымліваюць ваду з суседняй студні: 150-літровая бочка каштуе 1 долар. Паводле афіцыйнага курсу, гэта 176 тысяч балівараў. Тым часам на чорным рынку за адзін долар могуць папрасіць у дзясяткі, а то і ў сотні разоў болей.

«Часам мы атрымліваем 100 балівараў, і нашым дзецям гэтага недастаткова. Часам мой сын запытвае пра ежу. Як я магу сказаць, што яе няма? Часам мы без ежы ўвесь дзень. Гэта цяжка», – кажа Юсэліс Рыкан, маці двух дзяцей.

У краіне працягваецца шасцігадовы эканамічны крызіс. І гэта нягледзячы на тое, што Венесуэла валодае амаль пятай часткай сусветных запасаў нафты. У эканамічных цяжкасцях прэзідэнт краіны Нікаляс Мадура вінаваціць амерыканскія санкцыі. Пры гэтым у Венесуэле працягваецца і палітычны крызіс. Пасля леташніх прэзідэнцкіх выбараў апазіцыйны лідар Хуан Гуаідо абвесціў сябе выканальнікам абавязкаў прэзідэнта. Яго прызналі ЗША і шэраг еўрапейскіх дзяржаваў. Сёлета ў Венесуэле адбудуцца парламенцкія выбары, і Вярхоўны суд ужо прызначыў кіраўнікоў нацыянальнай выбарчай рады.

«Мы не прызнаем ніякай фальшывай выбарчай рады, якая прызначаная судовым органам дыктатуры і не нясе адказнасці за гэтае пытанне», – кажа Хуан Гуаідо.

Гуаідо таксама адзначыў, што ягоным прыярытэтам ёсць звяржэнне Мадура да канца гэтага года.

Наста Кахановіч, «Белсат»