Большасць моладзі хоча з'ехаць з Беларусі


Большая частка беларускае моладзі хоча зʼехаць з краіны. Маладыя кажуць, што за мяжою больш магчымасцяў для развіцця і лепшыя перспектывы на будучыню. Як да эміграцыі ставяцца тыя, хто толькі пачынае свой дарослы шлях?

Амаль 60% моладзі хоча зʼехаць з Беларусі, бо не верыць у перамены і шанцы на лепшую будучыню. Гэта паказала апытанне, якое правялі Фонд Барыса Нямцова і Аналітычны цэнтр Юрыя Левады. Чаму ажно столькі дваццацігадовых беларусаў не бачаць для сябе месца ў краіне – пра гэта, сярод іншага, размаўлялі на адкрытай дыскусіі ў Менску. Распавядае Дзмітрый Герыловіч, Беларускі нацыянальны моладзевы савет «Рада»:

«Калі мы ведаем, што мы можам уплываць на тое, што адбываецца ў дзяржаве, у краіне ці ў грамадстве, – гэта вельмі дазваляе моладзі адчуваць сябе на сваім месцы».

Згодна з гэтым «не на сваім месцы» пачуваюцца больш за тры чвэрці маладых жыхароў Беларусі. Столькі апытаных лічыць, што аніякім чынам не могуць уплываць на падзеі ва ўласнай дзяржаве. У той жа час маладыя ўкраінцы і расейцы больш аптымістычна бачаць свае ролі ў грамадзянскай супольнасці. Якія краіны вабяць патэнцыйных эмігрантаў, ды які шанец на самарэалізацыю на радзіме, мы спыталі ў маладзёнаў Менску:

«Вядома, што не ўсе дарогі адкрытыя, але магчымасці ёсць. Калі ты, напрыклад, доктар – таксама ў нас не ўсё так дрэнна».

«У нас, я думаю, усім ясна, што душаць праверкамі, падаткамі. Рэалізавацца можна, толькі калі ў цябе, напрыклад, заможныя бацькі, добрыя сябры або нейкія сувязі. Простаму чалавеку немагчыма».

«Разглядаў такія краіны, як Чэхія ці Польшча, то бок бліжэйшае замежжа».

«Можа, у Турцыю або ў Амерыку, таму што вучу турэцкую і англійскую».

Тым не менш, дваццацігадовыя не здаюцца і шукаюць магчымасцяў рэалізаваць амбіцыі ды планы на радзіме. Якім чынам?

«Адукоўвацца, самаадукоўвацца, карыстацца нейкімі онлайн-платформамі. І проста сачыць за навінамі, за падзеямі, бо іх дастаткова шмат. Куды можна падацца, дзе паўдзельнічаць. Іншая праблема – што ў іншых краінах гэтых магчымасцяў больш», – гаворыць Алесь, удзельнік сустрэчы.

На думку ўдзельнікаў дыскусіі, уплываюць на жаданне эміграваць падарожжы і магчымасці спазнаць іншыя краіны. Марына, удзельніца сустрэчы, тлумачыць:

«Беларусы значна больш мабільныя, чым іншыя краіны. Мы нашмат больш ездзім. Магчыма, якраз з-за таго, што мы больш ездзім, мы больш хочам зʼехаць, а не застацца ў краіне. Таму што большасць з нас усё роўна адчувае, што мы не можам дасягаць нейкіх значных зменаў».

Што рабіць, каб сітуацыя змянілася і маладыя не хацелі ўцякаць з Беларусі ва ўмовах дзяржаўнай манаполіі на ўсе сферы жыцця? Каментуе Аліна Нагорная, грамадскі рух «Дзея»:

«Пэўна дзяржаве ўсё ж такі трэба неяк дэлегаваць прыватным установам магчымасць адукацыі – больш, чым гэта адбываецца цяпер. Трэба пра гэта казаць, трэба пра гэта пісаць, і трэба весці перамовы менавіта з тымі ўстановамі, якія адказваюць за тую ці іншую галіну жыцця».

Сярод матываў эміграцыі беларуская моладзь найчасцей называе высокую якасць жыцця за мяжой ды нестабільную эканамічную сітуацыю на радзіме.

Ганна Мордань, belsat.eu