Больш за 150 фільмаў пакажуць на «Лістападзе», тры з іх знятыя ў супрацы з «Белсатам»


Кінатэатр «Масква» рыхтуецца да адкрыцця кінафестывалю «Лістапад», які абяцае наведнікам тыдзень радасці – больш як 150 фільмаў з 50 краінаў. Выбар зрабіць няпроста, самы час набываць квіткі.

Жанчына-навуковец вынаходзіць чароўную расліну, якія прыносіць шчасце, амаль як нашая папараць-кветка! Карцінай «Малыш Джо» аўстрыйскай рэжысёркі Джэсікі Гаўснэр ужо заўтра распачнуцца фестывальныя паказы. У праграме як блізкія нам еўрапейскія фільмы, гэтак і экзатычныя – з Індыі, Кітаю, Марока.

Здзівіць на фестывалі і беларускае кіно. Максім Карпіцкі, кінакрытык:

«Галоўная падзея для мяне напэўна рэтраспектыва Алега Чорнага. Гэта беларускі рэжысёр, якога тут мала хто бачыў. Гэта такое інтэлектуальнае эксперыментальнае кіно для тых, каму надакучыў мэйнстрым».

Сёлета на «Лістападзе» моцны нацыянальны конкурс, у ім і тры фільмы, створаныя ў супрацы з нашым тэлеканалам: «Чыстае мастацтва» Максіма Шведа, а таксама «Сума» ды «Стрыптыз і вайна» Андрэя Куцілы. Мы папрасілі рэжысёра параіць, што абраць з дакументальнай праграмы.

«Калі ўжо маеце пэўны досвед, то раю паглядзець фільм Лазніцы «Дзяржаўнае пахаванне» і фільм Віталія Манскага «Сведкі Пуціна». Яны адначасова іранічныя і вельмі глыбокія. Той, хто мае пэўны стэрэатып пра кіно палітычнае, можа пераўпэўніцца», – кажа Андрэй Куціла, рэжысёр.

Рэжысёр нашумелай карціны «Сведкі Пуціна» Віталій Манскі возьме ўдзел у фестывалі. Увогуле «Лістапад» збярэ каля сотні гасцей, у тым ліку прыедзе нямецкі пісьменнік Грэгар Зандэр, аўтар раману «Што было б». На беларускую мову яго пераклаў Альгерд Бахарэвіч, а падчас фестывалю адбудзецца і паказ фільму, і прэзентацыя кнігі, якая лягла ў аснову.

«Гэта гісторыя кахання, наколькі тое, што адбывалася з намі ў маладосці, ўплывае на нашую сталасць. І натуральна гэта гісторыя пра падзел Нямеччыны, гісторыя пра жыццё за мурам», – распавядае Альгерд Бахарэвіч, пісьменнік, перакладчык.

Ксавіе Далян, Карнэліў Парумбою, Рой Андэрсан, Валерыя Гай-Германіка – вядомыя імёны і безліч новых адкрыццяў чакаюць кінаманаў увесь тыдзень да 8 лістападу.

Аляксандра Дорская belsat.eu