Блогера выціснулі з краіны


Распавядаў пра памылкі мясцовых уладаў, змагаўся за лепшае жыццё для землякоў, а ўлады каралі яго штрафамі і арыштамі і ўрэшце выціснулі за мяжу. Блогер Андрэй Павук разам з сям‘ёй зʼехаў у Літву.

Блогер з пасёлку Акцябрскі, Андрэй Павук, разам з сям’ёй цяпер у Вільні. У Беларусь Андрэй і Вольга разам з двума дзецьмі з замежнага адпачынку не вярнуліся.

«Прыйшоў час вяртацца, і былі вельмі трывожныя навіны з нашага раёну, я стала атрымліваць позвы ад міліцыі, і нам параілі, што лепш нам не ехаць, бо нічога добрага нас не чакае. Да таго ж у нашым раёне ідэалогія Гомельскай вобласці разгарнула сапраўдную прапагандысцкую вайну – яны стварылі некалькі групаў у сацсетках і пішуць пагрозы, розную брыду пра нашую сямʼю, пра дзяцей», – распавядае Вольга Павук.

Сямʼя атрымала дапамогу ад арганізацыяў «BYHELP» і «BYSOL», літоўскія ўлады паспрыялі ў атрыманні візы і ўладкаванні дзяцей у школу.

«Паколькі мы былі ў адпачынку, то мы прыехалі фактычна з валізкай купальнікаў. У нас зусім не было планаў пакідаць радзіму, і нам тут аказалі вялікую дапамогу, беларусы і расейцы і літоўцы, дапамаглі з рэчамі, дапамаглі з месцам жыхарства. Мы застаемся ў абмежаваных умовах, але дзякуючы людзям мы ні ў чым не маем патрэбы», – кажа Вольга Павук.

Андрэй Павук – аўтар Youtube-каналу «Рудабельская паказуха», які мае каля трыццаці тысяч падпісчыкаў і паказвае абсурднае жыццё мястэчка. Вольга Павук была назіральніцай падчас прэзідэнцкіх выбараў.

«На содні мяне саджалі ні за што, штрафы нам даюць ні за што, Волю выклікаюць за арганізацыю масавых мерапрыемстваў, а яна іх не арганізоўвала. Нашых актывістаў, якія засталіся там, штрафуюць таксама ні за што» – кажа Андрэй Павук.

На блогераў улады Беларусі ціснуць асабліва: найбольш вядомыя або арыштаваныя або мусілі зʼехаць за мяжу. Некалькі блогераў пад арыштам, супраць іх завялі крымінальныя справы за арганізацыю і падрыхтоўку дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак. Гэтак, блогер Сяргей Ціханоўскі, які збіраўся вылучацца кандыдатам на прэзідэнцтва, цяпер у следчым ізалятары, праваабаронцы прызналі яго палітвязнем.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»