Блогер Nexta атрымаў Нацыянальную прэмію за абарону правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча


За асабістую мужнасць і смеласць у творчасці блогер Nexta – журналіст «Белсату» Сцяпан Святлоў – атрымаў «Прэмію Хартыі-97 у галіне абароны правоў чалавека імя Віктара Івашкевіча». Што менавіта паказвае Сцяпан сваёй вялізнай аўдыторыі ў сацыяльных сетках і на нашым тэлеканале – распавядзе Юлія Цяльпук.

Назваў сябе Нехта, але заслужыў на Хтосьці. Вядомы ў байнэце блогер – адзін з лаўрэатаў узнагароды за смеласць… якую сімвалічна атрымаў з рук лідара польскай «Салідарнасці» Збігнева Буяка.

«Такія ўзнагароды адразу матывуюць рабіць больш, рабіць лепш. Вялікі дзякуй за ўзнагароду. Мы прыйдзем да той Беларусі, пра якую марым», – кажа Сцяпан Святлоў, народны блогер.

…Да гэтай мары Сцяпан імкнецца надзвычай імкліва. Галоўная рэдактарка «Хартыі-97»Наталля Радзіна кажа:

«Гэта насамрэч унікальны для Беларусі хлопец, бо няма яму роўных… Шырокая аўдыторыя, вельмі смелыя ролікі, у якіх рэчы названыя сваймі імёнамі».

У 20-гадовага маладзёна каналы на Youtube і Telegram, досыць новы акаўнт на Instagram. Апрача – уласная праграма на тэлеканале «Белсат» – «Суб’ектыў», рабіць які часткова дапамагаюць калегі. Рэшта – праца самастойная: збор інфармацыі, селекцыя, закадравы тэст і безумоўна мантаж.

«Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, калі пачынае казаць без паперкі, – гэта адразу разлятаецца па цытатах, і трэба сачыць за гэтым, бо прэсавая служба стараецца самае-самае павыразаць, таму трэба сачыць за эфірам дзяржаўных тэлеканалаў, каб знайсці», – распавядае блогер.

Больш за 230 тысяч падпісантаў на Youtube-канале. Колькасць праглядаў на некаторых прадуктах сягае 5 мільёнаў, што значна больш, чым маюць матэрыялы дзяржаўнага ТБ. Тут жа і неспадзяваная цэнзура ў тэме… збіцці, парушэнні правоў грамадзянаў і міліцэйскія злівы… Асабліва ў Тэлеграме гэтая тэма зрабілася нішаю Сцяпана.

«І смеласць патрэбная для такіх рэчаў і пэўная «безбашаннасць», бо трэба прыняць рашэнне, што я давяраю ўсім гэтым крыніцам, якія льюць бруд на Міністэрства Унутраных Справаў, а потым магчыма мне за гэта дадуць пэўны адказ», – тлумачыць медыяэксперт Паўлюк Быкоўскі.

Народны блогер выбраў жыць за мяжою дзеля ўласнай бяспекі і маўчаць пра свае крыніцы:

«Гэта простыя людзі, незадаволеныя сітуацыяй у сваёй фірме ці грамадстве. Яны дасылаюць «таямнічую» інфармацыю і 90 % просяць быць ананімнымі».

Надзвычай шмат зліваў унутранай інфармацыі ідзе ад працаўнікоў МУС. Тыя ведаюць, як захаваць ананімнасць. Што да іншых…

«Калі чалавек «трапіцца», то спецслужбы прачытаюць у першую чаргу змесціва вашых прыладаў: кампʼютару, тэлефону, планшэту і потым кожнае напісанае вамі слова будзе выкарыстанае супраць вас», – тлумачыць спецыяліст у інфармацыйных тэхналогіях Сяргей Чарнавокі.

Варта шыфраваць інфармацыю на цвёрдым дыску, прынамсі ўбудаванымі ў аперацыйныя сістэмы праграмамі. Дасылаць паведамленні варта з новай прылады ці незарэгістраванай на сваё імя sim-карты, найлепш у паведамленні, якое пасля прачытання аўтаматычна знікае з гісторыі.

Юлія Цяльпук, belsat.eu