Бітва Лукашэнкі


Выбары – выбарамі, а галоўнае – засяроджана ў полі. Пакуль кандыдаты ў прэзідэнты занятыя агітацыя дзейны кіраўнік Беларусі распачаў новую бітву… за ўраджай. Падчас сваёй выбарчай кампаніі Аляксандр Лукашэнка спраўдзіў, як вядзецца кампанія па збору зернявых. Ці рэалістычныя планы паставіў Лукашэнка аграрыям?

Мінімум 9 з паловаю мільёнаў тонаў збожжа! Топчучы палеткі ў Нясвіжскім раёне, сёння Лукашэнка раздаваў загады – ці то аграрыям, ці то прыродзе.

«Ён навучаўся ў 1970-я гады. Тады сапраўды быў нарматыў – 1000 кілаграмаў на душу насельніцтва: тады будзе запэўненая харчовая бяспека краіны. Вось з 1970-х гадоў у яго і сядзіць гэтая лічба ў галаве: у нас 9 з паловаю мільёнаў людзей – адпаведна, павінна быць 9 з паловаю мільёнаў тонаў збожжа», – былы старшыня калгасу Мікалай Лысянкоў тлумачыць, адкуль у Лукашэнкі ўзялася менавіта гэткая лічба.

Цікава, што Міністэрства сельскай гаспадаркі мае куды сціплейшыя чаканні – толькі 8 мільёнаў тонаў збожжа. Зрэшты, як кажа досвед шматгадовай бітвы за ўраджай, загады Лукашэнкі перыядычна разыходзяцца з рэчаіснасцю. Прычына – не толькі ў капрызах надвор’я, але і ў вартым жалю становішчы айчыннай сельскай гаспадаркі.

«Дзясяткі прыкладаў ёсць таго, як Лукашэнка нешта казаў, а бюракратыя рабіла сваё. І тут, калі 8 ці 9,5 – і так усё спішуць на надворʼе, добрае ці дрэннае, на Расею, на бязладнасць. На жаль, чым большы ўраджай, тым больш чыноўнікі, гэтыя «чырвоныя паны», могуць спісаць і атрымаць нашых грошай», – кажа эканаміст, кіраўнік навукова-даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Зрэшты, дацягнуць да акрэсленых Лукашэнкам нарматываў паспрабаваць можна. У арсенале хітрыкаў – не толькі банальныя прыпіскі. Да прыкладу, ураджай збожжа ў нас падлічваюць… да перапрацоўвання. То бок са смеццем і вільготнае: вага атрымліваецца вышэйшая, а вось якасць – ніжэйшая. Альбо вось яшчэ вынаходніцтва чыноўнікаў!

«У нас пару гадоў таму ў збожжавыя пачалі залічваць і кукурузу, і рапс! Рапс – гэта наагул сваяк капусты! Гэта тэхнічная культура! Але каб задаволіць самалюбства прэзідэнта, чыноўнікі Міністэрства сельскай гаспадаркі пачалі залічваць сюды і рапс, каб хаця б пабліжэй да гэтай лічбы выйсці», – кажа Мікалай Лысянкоў.

Здавалася б, нязменны кіраўнік дзяржавы дагэтуль кіраваў калгасам – у сельскай гаспадарцы павінен цяміць. Дык у чым тады праблема? Адказу шукаюць жыхары Глыбокага:

«Яго канкрэтныя падыходы працавалі тады, калі ён толькі прыйшоў да ўлады. Зараз ужо не».

«Можа, потым будзе лепей. Можа, у нас час зараз такі, не вельмі добры».

«Усё залежыць ад кіраўніка. Калі кіраўнік разумны, значыць, нешта будзе – нават у наш час!»

«Хто рабіць задарма будзе? Ніхто не будзе!»

«Таму што бацькі няма добрага! Вось выберам добрага бацьку – і будзем мы багатыя, шчаслівыя, здаровыя, добрыя, разумныя. А калі маці выберам, то і маці добра!»

Нашыя ж эксперты дадаюць: патрэбная свабода ў прыманні рашэнняў менавіта на месцах.

«Калі няма розуму зрабіць цывілізаваную сельскую гаспадарку, якая працуе на новых тэхналогіях з высокай прадукцыйнасцю, то тады – барацьба. І калі зірнуць на фінансы сельскай гаспадаркі, то там 60 адсоткаў сельскагаспадарчых прадпрыемстваў – стратныя без дзяржаўнай дапамогі», – адзначае Раманчук.

«У нас прэзідэнт пастанаўляе, калі збіраць ураджай, калі сеяць – усё ідзе ў камандным парадку. А людзей на месцах нават не пытаюць: ці выгадна табе гэта сеяць, ці выгадна табе зараз збіраць?» – кажа Лысянкоў.

Паводле аграрыяў, збіраць ураджай сёлета будуць да канца лета. То бок 9 жніўня, сярод іншага, вызначыцца, ці зменяцца бітвы на палетках на звычайную плённую працу.

Валера Руселік, «Белсат»