Біскуп Казімір Велікаселец – тэхнічны кіраўнік Менска-Магілёўскай архідыяцэзіі?

Ватыкан прыняў адстаўку 75-гадовага метрапаліта Менска-Магілёўскага Тадэвуша Кандрусевіча. І прызначыў адміністратарам архідыяцэзіі біскупа Казіміра Велікасельца, які сваё 75-годдзе адзначыў яшчэ летась.

Дапаможны біскуп Пінскай дыяцэзіі Казімір Велікаселец служыць у касцёле Нараджэння Маці Божай у Гомлі, які належыць да Пінскай дыяцэзіі.

«З Берасця кардынал забраў у Пінск, там 5 гадоў. Цяпер з Пінску – горад Гомель. Я пачынаю будоўлю 4-га касцёлу – Баранавічы, Лясная, Берасце і вось гэты», – распавядаў біскуп Казімір Велікаселец летась для «Радыё Марыя».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч перад адстаўкай чатыры месяцы правёў у выгнанні і вярнуўся ў Беларусь перад Калядамі. Улады абвінавацілі яго ў тым, што ён нібыта ездзіць у Польшчу па інструкцыі, як разбурыць нашую краіну.

«Гэта мая зямля, я вырас адсюль і я хачу тут быць, я хачу тут служыць і ніколі не выступаў супраць Беларусі, заўсёды бараніў інтарэсы Беларусі і буду гэта чыніць далей», – казаў арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч 24-га снежня пасля вяртання ў Беларусь.

Апытаныя намі гарадзенцы пераважна перакананыя ў палітычных прычынах вызвалення ад пасады арцыбіскупа Кандрусевіча:

«Напэўна, палітыка, не дагадзіў камусьці».

«Справядлівы, харошы чалавек быў, што трэба».

«Перайшоў камусьці дарогу і ўсё».

«Семінарыю адкрыў у Горадні, стараўся, каб усё для Касцёлу».

На думку дырэктара Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Пятра Рудкоўскага, менавіта дзякуючы арцыбіскупу Кандрусевічу ўзмацнілася прысутнасць Касцёлу ў публічнай прасторы Беларусі. Навуковец мяркуе, што на пасаду адміністратара прызначылі тэхнічную асобу, якая была б прымальнаю для беларускага рэжыму і не выклікала б супярэчнасцяў унутры Касцёлу.

«У такім інфраструктурным плане – будзе каму ставіць пячаткі, будзе каму прымаць рашэнне, калі трэба перавесці святара з аднаго месца ў іншае ці прызначыць новага, арганізоўваць такія рэчы, як удзяленне таінстваў ці святарскія пасведчанні», – адзначае Пётр Рудкоўскі.

Для таго ж, каб распрацоўваць доўгатэрміновую стратэгію развіцця Касцёлу, кіраўнік архідыяцэзіі мусіць мець статус ардынарыя. Паводле Пятра Рудкоўскага, з прызначэннем Казіміра Велікасельца Ватыкан атрымаў час, каб вырашыць, каго паставіць паўнапраўным ардынарыем Менска-Магілеўскай дыяцэзіі.

Ірына Дарафейчук, «Белсат»

Глядзі таксама