Без віны вінаватыя


Больш дзён у зняволенні, чым на волі. Лідара страйкама «Беларуськалія» Анатоля Бокуна асудзілі сёння на 25 дзён арышту. Літаральна некалькі дзён таму ён выйшаў з-за кратаў пасля 15 содняў зняволення.

Плён выбарчай кампаніі ў Беларусі – больш за 250 крымінальных справаў супраць удзельнікаў прэзідэнцкай гонкі і паслявыбарчых акцыяў пратэсту. 68 асобаў праваабаронцы ўжо прызналі палітвязнямі. Такі баланс падвёў праваабарончы цэнтр «Вясна». Але і сама арганізацыя дзеіць не ў поўным складзе. Суд пакінуў пад вартаю каардынатарку валанцёрскай службы «Вясны» Марфу Рабкову, якая да свайго арышту дапамагала перадаваць перадачы тым, хто за кратамі.

Цяпер Марфа – у зняволенні. Супраць дзяўчыны распачалі крымінальную справу, нібыта яна рыхтавала асобаў да ўдзелу ў масавых закалотах. І гэтак не толькі з праваабаронцамі, калі робіш адно, а вінавацяць у іншым. Гэтак, пінскага журналіста Андрэя Якімуша судзілі за ўдзел… у жаночым маршы.

«Нечакана для ўсіх прысуд быў вельмі жорсткі – 10 содняў арышту. Хаця і міліцыянт-сведка сказаў, што не бачыў, каб Андрэй хадзіў у натоўпе людзей, з некім размаўляў, а проста хадзіў і фатаграфаваў», – адзначае калега Якімуша Віктар Ярашук, сябра беларускай асацыяцыі журналістаў.

Проста спяваў і Уладзіслаў Наважылаў, але суддзя Хвойніцкая дала вакалісту гурта «Gods Tower» 8 дзён арышту за «несанкцыянаваную акцыю». Адныя суддзі шчодрыя на арышты, іншыя – на штрафы.

«Напэўна, не хапае грошай у бюджэце, трэба іх аднекуль браць», – лічыць Аліна Лахцікава, жыхарка Бялыніч.

Аліну сёння судзілі за тое, што ішла з сябрам з нацыянальным сцягам на плячах. Але доказаў віны не хапіла, справу накіравалі на дапрацоўванне. Затое папоўніць дзяржаўны скарб Аляксандр Лобараў, якому прысудзілі 10 базавых за ўдзел у акцыі пратэсту:

«У кожнага грамадзяніна ёсць права на выказванне свайго меркавання, на мірныя мітынгі. Усё гэта прапісана ў Канстытуцыі».

Віцяблянін Барыс Лемаў таксама не згодны з рашэннем суда – 5 базавых за ўдзел у мітынгу:

«Я выходзіў на акцыю, каб выказаць сваю грамадзянскую пазіцыю. Я быў супраць фальсіфікацыяў і гвалту з боку сілавікоў».

Гвалт чыняць як сілавікі ў форме, гэтак і невядомыя ў балаклавах. Праваабаронцы звярнуліся ў Генеральную пракуратуру з патрабаваннем адрэагаваць на гэта. Але адтуль ліст накіравалі ў Міністэрства ўнутраных справаў, дзе адказалі: патрабаванні назвацца і растлумачыць падставы затрымання не распаўсюджваюцца на выпадкі патрэбы неадкладнага спынення правапарушэнняў.

«МУС спрабуе любым чынам апраўдаць усё беззаконне, якое адбываецца на вуліцах Менску і ў прынцыпе ўсёй Беларусі. Гэта выкраданне людзьмі ў балаклавах, масках, людзі не прадстаўляюцца і не паведамляюць падставаў для затрыманняў», – кажа Вікторыя Фёдарава, старшыня «Прававой ініцыятывы».

Праваабаронцы кажуць, што нормаў, якімі прыкрываюцца ў МУСе, у законах Беларусі проста няма.

Вольга Старасціна, «Белсат»