Берасцейцы абураныя: верагодна, што акумулятарны завод адчынены патаемна


Звесткі пра дзясяткі працаўнікоў, начныя змены і парушэнне заканадаўства. Праціўнікі акумулятарнага заводу з дапамогаю ДАІ затрымалі фуру, якая ехала з Берасця ў Пінск. Унутры аказаўся тавар, падобны да новых акумулятараў. Актывісты кажуць, завод пад Берасцем ужо працуе, нягледзячы на адсутнасць дазволу.

Ноч. Недалёка ад Драгічына на выклік актывістаў ДАІ спыняе фуру, што выехала са збудаванага, але яшчэ афіцыйна не запушчанага заводу «АйПаўэр». У фуры – прадметы, падобныя на новыя акумулятары. Як пракаментаваў сітуацыю парталу «Tut.bu» дырэктар прадпрыемства Сяргей Мельніковіч, у машыне былі паўфабрыкаты:

«Каб вызначыць эфектыўнасць працы сістэмы для ачышчэння адкідаў сернай кіслаты ў атмасфернае паветра, […] былі выкарыстаныя паўфабрыкаты АКБ для выпрабавання працы тэхналагічнага абсталявання пад нагрузкаю».

Ужо больш за тыдзень актывісты дзяжураць каля акумулятарнага заводу. Яны сцвярджаюць, што экалагічна шкоднае прадпрыемства пачало працу яшчэ 3 траўня.

«Брыж – гэта начальнік экалагічнай інспекцыі Берасцейскага раёну – сказаў, што пускава-наладкавыя працы дазволеныя з 8 раніцы да 8 вечара», – кажа Юлія Зубік з ініцыятыўнае групы супраць акумулятарнага заводу.

Актывісты сцвярджаюць, што завод парушае гэтае распараджэнне: уначы дымяцца трубы, адчуваецца непрыемны пах.

«Сёння на працу прыехалі 62 чалавекі. Што, на пуска-наладку? Не смяшыце людзей! Гэта звычайная праца. Змена прыехала!» – распавядае праціўнік акумулятарнага заводу Віктар Мігалюк.

«Пайшла такая інфармацыя з дакладных крыніцаў, што акт аб прыёме заводу не быў падпісаны, бо было перавышэнне наконт выкіду свінцу ў 10 разоў», – дадае актывіст Аляксандр Абляк.

Даведацца, ці гэта праўдзівая інфармацыя, мы намагаліся ў Мікалая Каршанкова, намесніка старшыні Берасцейскага райвыканкаму, які ўваходзіць у адмысловую камісію, што і мае даць дазвол на функцыянаванне прадпрыемства. Мы запыталі, чаму акту аб запуску заводу дасюль не падпісалі.

– Камісія створаная загадам на прадпрыемстве «АйПаўэр». Таму наконт яе працы, арганізацыі, тэрмінаў і г.д. звяртайцеся да іх.

– Але вы ўсё ж такі як чыноўнік кантралюеце тое, што там адбываецца на вашай тэрыторыі.

– Мне дадаць пакуль няма чаго.

– Няма чаго. А скажыце, калі ласка, актывісты сцвярджаюць, што нібыта завод ужо пачаў працу нават без афіцыйнага акту прыняцця…

– У мяне няма такой інфармацыі.

Сёння стала вядома, што працу камісіі падоўжаць да 28 траўня.

Летась берасцейцы перадалі ў Адміністрацыю кіраўніка краіны амаль 37 тысяч подпісаў з патрабаваннем спыніць будаўніцтва заводу. Больш за год штонядзелю жыхары гораду выходзяць на акцыі пратэсту. Апытаныя намі жыхары Берасця кажуць:

«Калі людзі пратэстуюць, значыць, нешта не так».

«Нават не ведаю, што павінна адбыцца. Напэўна, змена кіраўніцтва, магчыма. Хто больш задумваецца пра будучыню краіны».

«Каб яго спыніць, трэба высілкі не жменькі людзей, а ўсіх!»

Актывісты ж збіраюцца і надалей пільна сачыць за прадпрыемствам.

Вітаўт Сіўчык, belsat.eu