Берасцейскі суд пастанавіў, што масавую акцыю могуць праводзіць... снегавікі


Масавую акцыю могуць праводзіць не толькі людзі, але і снегавікі. Менавіта так лічыць суд Берасцейскага раёну. Праўда, за «несанкцыянаваны пікет» неадушаўлёных асобаў суд пакараў жывога чалавека. У абсурдах беларускай судовай сістэмы разбіраўся Аляксандр Папко.

10 долараў штрафу за «абуранага» снегавіка мае сплаціць маладая мама з Берасця Юлія Нічыпарук.

З пратаколу міліцыі:

«З мэтаю выказвання групай грамадзянаў грамадска-палітычных інтарэсаў і публічнага пратэсту супраць будаўніцтва акумулятарнага заводу змясціла ў прысутнасці не менш як 25 чалавек на сярэднюю частку снегавіка ўлётку з надпісам «Прэч атруту!»

Гэтак, на думку суда, выглядала несанкцыянаваная масавая акцыя. Юлія Нічыпарук, асуджаная за «пікет снегавікоў»:

«Дзякуючы гэтаму, я думаю, людзі троху паглядзяць на тое, як у нас адбываецца суд, каго пераследуюць у нашай краіне – не злачынцаў, а звычайныя сем’і, якія хочуць жыць, дыхаць паветрам чыстым».

6 студзеня споўніўся год з таго дня, як берасцейцы пачалі пратэставаць супраць будаўніцтва каля гораду заводу свінцовых акумулятараў. Гадавіну адзначылі сяброўскаю сустрэчай пад офісам прадпрыемства. Пакуль дарослыя размаўлялі, дзеці зляпілі снегавікоў. Юлія ўпрыгожыла аднаго з іх тым, што было ў машыне, – у тым ліку ўлёткаю супраць заводу.

«Нашыя дзяржаўныя структуры абслугоўваюць інтарэсы не народу, а аднаго чалавека. У гэтым выпадку – бізнесоўца Лемяшэвіча, які пагражае здароўю паўмільёна грамадзянаў», – гаворыць праваабаронца Уладзімір Вялічкін.

Штраф за «масавую акцыю» снегавікоў – не першы абсурд беларускай праваахоўнай сістэмы. Сем гадоў таму ў Менску «масава пратэставалі» плюшавыя цацкі. Праўда, 10 содняў у ізалятары правялі не зайчыкі ды мішкі, а актывіст Павел Вінаградаў – які ў акцыі не ўдзелу не браў. А менчука Пятра Маркелава тры дні пратрымалі ў ізалятары за пратэст перад МУС, які аказаўся фоташопам. Пётр Маркелаў, актывіст «LEGALIZE BELARUS»:

«Улады Беларусі жартаў не разумеюць, бо жарты – гэта першы крок да таго, каб зрабіць нешта прымальным. А свабода слова – гэта нашае асноўнае права, з якога вынікаюць усе іншыя, у тым ліку – права на жыццё. І таму ўзнікаюць гэтыя абсурдныя штрафы за снегавікоў, блакаванне вэбсайтаў і гэтак далей».

Залатымі літарамі ў гісторыю беларускага суда ўпісаны штраф Канстанціну Капліну – аднарукаму грамадзяніну, які пратэставаў супраць уладаў, «пляскаючы ў ладкі». А фатограф Антон Сурапін месяц правёў у СІЗА КДБ за тое, што першы сфатаграфаваў плюшавых мішак, скінутых з самалёта шведскімі грамадскімі актывістамі.

Быў і суд над нямым, які выкрыкваў «антыдзяржаўныя лозунгі», і штрафы ды «содні» за «пратэст» з плакатамі, на якіх не было напісана нічога.

Мяжу паміж дазволеным і забароненым у аўтарытарнай дзяржаве вызначае не закон, а ўлады. А яны могуць угледзець небяспеку ды палітыку ў чым заўгодна – плюшавых цацках, белай паперы і тым больш – у снегавіках.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Фота: Мікіта Яраш / binkl.by