«Белгазпрамбанк»: наступствы ператрусаў

Пачатак выбарчай кампаніі. Аляксандр Лукашэнка загадаў сілавікам знайсці грошы на правядзенне ў Беларусі «майдану». На мінулым тыдні фінансавая паліцыя затрымала 15 працаўнікоў «Белгазпрамбанку» і звязаных з ім структураў, а ўчора – кіраўнік «Белтэлерадыёкампаніі» распавёў пра выняцце амаль чатырох мільёнаў долараў, аблігацыяў і каштоўных металаў.

«Мы сёння здаем першую партыю подпісаў бабруйчанаў, якія паставілі свае галасы за мяне, дзякуй вам усім вялікі, дзякуй сябрам ініцыятыўнай групы», – сказаў прэтэндэнт у кандыдаты на прэзідэнта Беларусі Віктар Бабарыка.

Што праўда, знайшлі ды забралі не толькі грошы, але і гэтак званыя прадметы раскошы – палотны мастакоў ажно на 20 мільёнаў долараў. Пры Віктару Бабарыку карціны вядомых творцаў, звязаных з Беларуссю, у межах праекту «Арт-Беларусь» банк пачаў выкупаць і вяртаць на радзіму. Паводле ж следства, цяпер карпаратыўную калекцыю нібыта збіраліся вывесці за мяжу.

«Паглядзіце, у якім палацы Бабарыка жыве, колькі там грошай у гэтым банку. А што ў банку, акрамя грошай, можа быць? Ці там тыя залатыя зліткі. Ну і прышпілілі да справы гэтыя карціны, хоць гэта ўвогуле, груба кажучы, не прышый кабыле хвост», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Паводле адмыслоўцаў, справа можа быць не толькі ў ціску на патэнцыйнага апанента Лукашэнкі. «Белгазпрамбанк» мае каля паловы расейскага капіталу. Цяпер установа і доступ да яе рахункаў – пад кіраваннем прызначанай Нацыянальным банкам асобай – яго былой старшынёй Надзеяй Ермаковай.

«Расея, вядома, Лукашэнку вельмі патрэбная на выбарах, ён будзе спасылацца, даказваць, што ён развяжа ўсе праблемы, што знізяцца кошты на газ – то бок, ягоная эфектыўнасць, ён патрабуе фактычна ад Расеі палітычнага падтрымання, хоць захопам банкаў, шантажом», – лічыць палітолаг з Масквы Андрэй Суздальцаў.

Паводле расейскага аналітыка Аляксея Калачава, гульні з Масквой могуць паспрыяць аднаўленню перамоваў аб коштах паставак газу.

«У любым выпадку, гэта ўжо такі вострая і актуальная падстава для таго, каб уступіць у новую фазу перамоваў паміж «Газпромам» і кіраўніцтвам Беларусі. Ёсць падстава папросту сустрэцца і абмеркаваць, што адбываецца, у чым справа, і тады можна на новым фоне выхапіць свае старыя аргументы, і яны могуць спрацаваць», – мяркуе фінансавы аналітык кампаніі «Фінам» Аляксей Калачаў.

Расея ў перадвыбарнай гонцы можа згуляць на руку Лукашэнку і ў якасці патэнцыйнага ворага, мяркуе Аляксандр Класкоўскі. Заява пра магчымую датычнасць замежнай краіны да ўмяшання ва ўнутраныя справы Беларусі – напярэдадні прагучала ў эфіры каналу «Беларусь 1».

«Лукашэнка будзе старацца паказаць сябе абаронцам, бо гэта місія такая высакародная, гэта не проста банальна трымацца за сваё месца. І, я думаю, што частка электарату яму ўсё ж такі паверыць, бо пры жаданні можна сапраўды разгледзець расейскі след у біяграфіі таго ж Бабарыкі», – кажа палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі.

Лукашэнка ўжо пагражаў «Белгазпрамбанку» нацыяналізацыяй капіталу – праўда, зрабіць гэта пры наяўнасці расейскага капіталу – будзе не проста. На думку палітолагаў, кіраўнік краіны не наважыцца на гэткую канфрантацыю з краінай-суседкай. Ужо цяпер змена кіраўніцтва банку выклікала абурэнне расейскіх акцыянераў.

Юлія Лабанава, «Белсат»

Падпісвайся на telegram Белсату

Глядзі таксама