БелАЗ працуе з перабоямі


БелАЗ – гонар айчыннага аўтапраму – пачынае працаваць з перабоямі. Прычына – нізкі попыт на прадукцыю. Куды дзяржаўны гігант ня змог прадаць грузавікі ды чаму флагманы машынабудавання паказваюць усё горшыя вынікі – распавядзе Аляксандр Папко. 25 студзеня канвейр БелАЗа спыніцца.

25 студзеня канвеер БелАЗу спыніцца. Рашэнне гендырэктара апублікаваў тэлеграм-канале NEXTA:

«У сувязі з нізкім пакупніцкім попытам на рынках СНД і далёкага замежжа на аўтатэхніку ААТ «БелАЗ», […] а таксама з мэтаю больш рацыянальнага выкарыстання фінансавых, матэрыяльных, паліва-энергетычных рэсурсаў […] абвесціць 25 студзеня днём прастою».

Раней урад дазволіў заводу адтэрмінаваць сплаты ў Фонд нацыянальнага развіцця. Канец года вытворца самых вялікіх грузавікоў на свеце сустрэў не ў найлепшай форме. У параўнанні з 2018-ым і сярэдзінай 2019-га вытворчасць БелАЗаў упала ўдвая – да 40 машынаў на месяц.

«Размова ідзе перадусім пра расейскі рынак. Усе іншыя таксама «прагнуліся», але расейскі – быў галоўны. Гэта быў адзіны рынак, на які ў нас цэлыя чвэрць стагоддзя быў спадзеў», – тлумачыць эканаміст Аляксандр Ярашук.

Менавіта ў Расею БелАЗ пастаўляе дзве траціны сваіх машынаў. Цэны на жалеза і медзь растуць, горназдабыўчыя кампаніі актыўна купляюць абсталяванне, але не абавязкова БелАЗы.

«Пры распрацоўванні глыбокіх гарызонтаў усё часцей колавы транспарт замяняюць транспартам канвеерным. У цяперашні час створаныя высокапрадукцыйныя канвеерныя лініі», – распавядае прафесар Маскоўскага дзяржаўнага горнага ўніверсітэту Андрэй Валуеў.

БелАЗ, што выпускае кожны трэці кар’ерны самазвал на свеце, – не адзіны дзяржаўны гігант, які перажывае спад. Летась падаў экспарт беларускіх трактароў, прыбыткаў «Гомсельмашу» не ставала, каб расплаціцца з пазыкамі, а МАЗ адпрацаваў са стратамі пяты год запар. Дырэктараў усіх трох дзяржпрадпрыемстваў адправілі ў адстаўку.

«Тыя прадпрыемствы, якія за дваццаць гадоў нічога не зрабілі, каб увесці сучасны менеджмент, прыцягнуць міжнароднае фінансаванне, сучасную сістэму справаздачнасці, добрыя кадры для кіравання, сустрэнуцца з вялікімі праблемамі. Нават калі там памяняць усіх дырэктараў на ўсіх міністраў – прынцыпова нічога не зменіцца», – перакананы дырэктар Даследчага цэнтру Мізэса Яраслаў Раманчук.

Стратныя кампаніі – гэта хранічная праблема беларускай эканамічнай мадэлі. Паводле статыстыкі, агучанай парталам banki24.by, 11 месяцаў мінулага года скончыла са стратамі кожнае пятае прадпрыемства, а нізкапрыбытковых было больш за палову.

«Гэтыя прадпрыемствы кіруюцца як у СССР. Нейкі там урад, нейкі прэзідэнт атрымлівае нашы з вамі грошы, а МАЗ, БелАЗ, «Гомсельмаш» трымае як нейкі дзіцячы садочак, які гэтымі грошамі трэба падкормліваць. Гэта сведчыць, што такая сістэма кіравання не працуе», – перакананы Яраслаў Раманчук.

А працуе сістэма, дзе прадпрыемствы аддзеленыя ад дзяржавы і кіруюцца правіламі рынку, кажа эканаміст.

Да рэформаў Менск можа матываваць скарачэнне расейскіх нафтавых субсідыяў. На думку Яраслава Раманчука, грошай на падтрыманне дзяржгігантаў сёлета будзе значна менш.

Аляксандр Папко, «Белсат»