Аб'ектыў 17.01.2019 Беларусы застаюцца без надзеі на пенсію


40 тысячаў чалавек, або кожны соты працаўнік – столькі страціць беларуская эканоміка сёлета. Кансалтынгавая кампанія «ПрайсўотэргаўсКупэрз» (PricewaterhouseCoopers) памясціла Беларусь у дзясятку краінаў, дзе працоўная сіла скарачаецца найбольш імкліва ў свеце. Ці будзе каму плаціць пенсію сённяшняму пакаленню беларусаў? Высвятляў Аляксандр Папко.

Менш за палову жыхароў краіны – столькі занята ў эканоміцы Беларусі. За апошняе дзесяцігоддзе працаўнікоў стала на 300 тысячаў менш. Беларусы імкліва старэюць.

«Будзе меншая колькасць падаткаплатнікаў. Трэба будзе вызначаць, як, з аднаго боку, павялічыць удзел працаўнікоў на рынку працы, а таксама нейкім чынам прыцягваць чалавечы капітал з іншых краінаў», – кажа Марыя Акулава, даследчы цэнтр BEROC.

Калі сёння непрацаздольны ўзрост мае толькі траціна беларусаў, то ўсяго праз дзесяць гадоў – будзе палова. Як забяспечыць пенсію сённяшнім маладым?

«Я хадзіла ў школу да настаўніц сваіх былых, і яны казалі: «Мне ўжо пяцьдзясят пяць, але я ўсё роўна буду заставацца працаваць».

«Я выгадую сваіх дзяцей, каб яны паклапаціліся пра мяне».

«Разлічваць на сябе і адкладваць проста на пенсію. Альбо зрабіць так, каб дзяржава абавязвала працадаўцу адкладваць у спецыяльныя пенсійныя фонды для кожнага працаўніка».

«Колькі маіх сяброў і знаёмых ужо за мяжой! Хто працуе там, а хто нават не збіраецца вяртацца», – кажуць менчукі.

400 тысячаў – столькі беларусаў, на думку экспертаў, ездзіць на працу за мяжу – пераважна ў Расею. Але ўжо некалькі гадоў расце плынь мігрантаў на Захад – у Польшчу. Андрэй Елісееў, даследчы цэнтр EAST:

«У Польшчы гэтая лічба можа складаць больш за 100 тысячаў чалавек. Проста мы не маем добрых статыстычных дадзеных па ўсіх катэгорыях людзей».

Калі нічога не рабіць, колькасць гастарбайтараў пераваліць за 600 тысячаў. За мяжу назаўжды пачне з’язджаць моладзь. Праблема старэння насельніцтва зробіцца яшчэ вастрэйшая.

«Трэба развіваць малы і сярэдні бізнес, трэба, каб зямля была ў руках людзей. Трэба, каб яны былі акцыянерамі таго капіталу, які працуе ў нас. Трэба павялічваць эфектыўнасць працы. Чалавек у старой структуры на старых машынах не можа зрабіць столькі, колькі на сучасных», – гаворыць Яраслаў Раманчук, эканаміст, цэнтр Мізэса.

Пакуль што ўлады толькі падвысілі пенсійны ўзрост. Але не стварылі ані назапашвальнай пенсійнай сістэмы, ані тысяч высокапрыбытковых працоўных месцаў. Таму маладым беларусам застаецца толькі параіць: дбайце пра здароўе, каб на пенсію выйсці як мага пазней.

Аляксандр Папко, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары