Аб'ектыў 06.03.2019 Беларусы штомесяц бяруць у крэдыт 150 мільёнаў рублёў


Годна жыць хоча кожны, але не кожны ўмее на гэта наяўныя… У сярэднім 150 мільёнаў рублёў штомесяц банкі краіны раздаюць насельніцтву пад адсоткі. Бярэм на жытло, на аўтамабілі, бытавую тэхніку, на лекаванне, навуку і прыгажосць. Не пужаюць высокія ў параўнанні з іншымі краінамі адсоткі… Адкуль прыйшоў крэдытавы бум і колькі ён пратрымаецца?

Яна – былая судмедэксперт, ён – працаўнік прыватнай фірмы, але дом у Бараўлянах ля Менску Вайтовічы пабудавалі не на заробкі – атрымалі крэдыт як маладыя спецыялісты з-за гораду. Марыя Вайтовіч, жыхарка прыгараду сталіцы, распавядае:

«У нас такі на той момант атрымаўся мега-ільготны крэдыт – 5% гадавых на 40 гадоў. Нам далі пэўную суму, дзякуючы якой мы змаглі стартаваць у вырашэнні нашага жыллёвага пытання».

Пасля некалькіх дэвальвацыяў сума штомесячных выплат па крэдыце зменшылася да ўзроўню беларускай мары – толькі 25 рублёў! Таму бацькі траіх дзяцей часам бяруць і спажывецкія крэдыты.

«Надумалі падарунак на Раство – набылі і павесілі тэлевізар і абсалютна лёгка выплацілі. Потым спорткомплекс, калі мы зразумелі, што нашыя дзеці вельмі рухомыя і трэба-трэба-трэба адразу цяпер!» – кажа Марыя Вайтовіч.

У «крэтытабранстве» імкліва павышаем планку. Каля 12 мільярдаў рублёў узялі ў банках на абслугоўванне жыццёвых патрэбаў. Пяць гадоў таму гэтая сума была ўдвая меншаю (Br 5,39 млрд). Ахвоча пазычалі ў 2017-ым годзе, але летась ажно Br 2,7 млрд разышліся па нашых гаманцах – вынікае з афіцыйнай статыстыкі. Спрыяе крэдытаванню – запавольванне інфляцыі і змяншэнне ставак па крэдытах.

«Гэтая сітуацыя можа змяніцца ў мгненне вока, калі эканамічны крызіс спрычыніць абясцэньванне нацыянальнай валюты, рост коштаў і падзенне рэальных прыбыткаў насельніцтва», – тлумачыць эканамічны аглядальнік «Белсату» Стась Івашкевіч.

Пакуль рубель стабільны, але заробкі малыя – людзі ідуць па крэдыты. Каб не набіралі больш, чым могуць аддаць, летась банкі пачалі лічыць каэфіцыент даўгавой нагрузкі на займальніка. Калі 40 % прыбытку ўжо ідзе на аплату пазык – чарговую не атрымаеш. Найменш папулярныя ў людзей – крэдыты на жытло.

«Слава богу ў мяне няма прычыны браць крэдыты».

«Сэнсу я не знайшоў – звяртацца ў банкі па грошы».

«Мы не ў Еўропе, таму нерэальнае гэтае пытанне».

Жыві лепш чым зарабляеш… – такі прыклад людзям дае дзяржава. У 9-мільярдным дзярждоўгу траціну займае ўнутраная пазыка (Br 2,92 млрд) Другая траціна – расейскія грошы (Br 2,74 млрд). Рэшту – займалі ў Кітаі (Br 1,34 млрд), Еўразійскім фондзе стабілізацыі і развіцця (Br 1 млрд), маем выплаціць па вонкавых аблігацыях (Br 0,36) і крэдыты Сусветнага банку (Br 0,27 млрд). Сродкі на аплату і абслугоўванне доўгу маем – кажа эксперт. Эканамічны аглядальнік Стась Івашкевіч:

«Але ўсё гэта ў значнай ступені залежыць ад жадання Расеі выдаткоўваць Беларусі стабілізацыйныя ільготныя крэдыты. І тое што Расея пераносіць нам тэрміны крэдытаў»…

А значыць – за нашыя смартфоны і пральныя машыны ў растэрміноўку – можам падзякаваць Маскве. Некалькі дзён таму мы папрасілі чарговага падтрымання – $ 600 млн.

Юлія Цяльпук, belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары