Беларусы разбагацелі, але не ведаюць пра гэта


Эканамісты пракаментавалі звесткі Белстату аб росце канчатковага даходу беларусаў.

З падлікаў Нацыянальнага статыстычнага камітэту можна зрабіць выснову, што беларусы становяцца больш заможнымі: рэальныя канчатковыя даходы насельніцтва ў 2018-м выраслі на 8 %.

Абсалютная большасць апытаных намі мінакоў на вуліцах Магілёва кажуць, што гэтага не адчулі

«Заробкі беларусаў упалі», – сцвярджаюць людзі.

Матэрыял Вольгі Старасцінай глядзіце ў поўным выданні «Аб’ектыву» за 16 лютага:

Канчатковы грашовы даход улічвае інфляцыю і складаецца з аплаты працы, даходаў ад прадпрымальніцкай дзейнасці, а таксама з дапамог, пенсіяў ды стыпендыяў. Гэта грошы, якія людзі могуць выдаткаваць, не выкарыстоўваючы ашчаджэнняў. У сваіх гаманцах шараговыя беларусы росту даходаў не адчулі.

Не аспрэчваюць звестак Белстату і эканамісты: сапраўды, даходы выраслі, але станоўчыя змены не падмацаваныя ростам вытворчасці.

«Вытворчасць працы летась вырасла ўсяго на 3 %. Адпаведна, рост даходаў перавысіў рост вытворчасці працы ў два разы, таму гэты рост даходаў нельга лічыць эканамічна абгрунтаваным», – кажа эканамічны аглядальнік «Белсат» Станіслаў Івашкевіч.

Праз гэта летась страты прадпрыемстваў павялічыліся ўдвая. А калі прадпрыемствы страчваюць, то ці будуць зарабляць людзі? Эканамічная навука не ведае такіх прыкладаў. У нас гэта звыкла называюць беларускім эканамічным цудам, толькі чым даўжэйшы будзе гэткі «цуд», тым адчувальнейшы пасля – эканамічны правал.

Вольга Старасціна/«Белсат», фота анонсу – Віктар Драчоў/ТАСС