Беларусы прыдумалі, як зрабіць мэблю са смецця


Удзельнікі імпрэзы з удзелам эколагаў, прадпрымальнікаў і ўсіх неабыякавых да праблемаў экалогіі прапаноўвалі ідэі паляпшэння клімату. Найлепшая з іх атрымала падтрыманне кампаніі «EPAM».

Сёлета ў міжнародным кліматоне ўзялі ўдзел 112 гарадоў з 48-мі краінаў. У менскім кліматоне ўдзельнічалі сем камандаў.

«Складаюцца яны і са школьнікаў, гэта і студэнты менскіх ВНУ. Таксама ў нас ёсць IT-стваральнікі з кампаніяў, якія ў прынцыпе працуюць. Ёсць яшчэ рабяты з ужо створаных сацыяльных прадпрыемстваў», – распавядае арганізатарка кліматону Ірына Панядзельнік з ініцыятывы «Моладзь за ўстойлівае развіццё».

Паводле Панядзельнік, галоўнай праблемаю сёння ёсць забруджванне паветра.

«Выкіды адбываюцца, гэта ўсё рэальна, гэта ўсё ўплывае ў тым ліку на нашае здароўе, што самае важнае, я лічу, для кожнага чалавека», – дадае Панядзельнік.

Паводле Сусветнай арганізацыі здароўя, у 2016 годзе Беларусь займала трэцяе месца ў рэйтынгу смяротнасці ад хваробаў, да якіх так ці іначай спрычынілася забруджанае паветра.

«Калі называць сем асноўных крыніц парніковых газаў, якія ўздзейнічаюць на змяненне клімату, то гэта сельская гаспадарка і высяканне лясоў. Гэта транспарт, гэта вытворчасць энергіі, прамысловасць, а таксама будынкі, то бок хатняя гаспадарка, якую мы вядзём, і адкіды», – распавядае Кацярына Спосаб з праекту для падтрымання інавацыйных дзеянняў у абароне клімату «Terrifica».

Дырэктар кампаніі «Добрае паветра» Арцём Быстрык лічыць, што беларуская дзяржава магла б рабіць у гэтым напрамку болей.

«Больш дакладна распрацаваць нарматывы і распрацаваць меры іх выканання, падтрымання і гэтак далей», – дадае Быстрык.

Між іншым, кожны з нас можа паўплываць на сітуацыю і паменшыць забруджванне паветра. Паводле ўдзельнікаў кліматону, можна адмовіцца ад шкодных звычак, набываць менш рэчаў, набыць ровар або проста часцей гуляць пехатою.

На сёлетнім кліматоне перамог праект для перапрацоўвання пластыкавага смецця, з якога пасля можна рабіць мэблю. Каманда атрымае 300 еўраў на развіццё праекту і падтрыманне ад кампаніі «EPAM».

Рэпартаж Дзіяны Раткевіч глядзіце ў поўным выданні навінаў за 27 кастрычніка