Беларусы не ведаюць, чаму 23 лютага – свята


Дзень памяці мужнасці ды гераізму ўсіх пакаленняў ці перажытак бальшавіцкай прапаганды? 23 лютага ў Беларусі на дзяржаўным узроўні адзначалі Дзень абаронцаў Айчыны і Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь. Што праўда, далёка не ўсе грамадзяне ведаюць гісторыю гэтага свята.

Свята, якое асацыюецца з танкамі, вечным агнём ды шкарпэткамі з пенаю для галення. 23 лютага Беларусь, Расея, Таджыкістан ды Кыргызстан адзначаюць Дзень абаронцаў Айчыны. У мінулым – Дзень Чырвонай, потым – Савецкай арміі… Святкуе большасць, але хто ведае гісторыю свята?

Мы запыталіся мінакоў на вуліцах Віцебску – і вось, што пачулі:

«Не, не ведаем».

«Не, не памятаю».

«Сорамна. Не, на жаль».

«Гэта вельмі складанае пытанне, але вось ужо шмат гадоў мы адзначаем гэтае свята».

«Гэта звязанае з тым, што вывелі войскі з Афганістану».

«Учора настаўнік распавядаў – гэта было прысвечанае… Ну… Салдатам, якія… Блін… Чырвонай арміі было прысвечана, так! А больш нічога не памятаю».

«З дня ўтварэння Чырвонай арміі ў 18-ым годзе».

«Нарву вызвалялі – была першая бітва Чырвонай арміі. Мне падаецца, адсюль».

Аднак насамрэч ніякіх баёў, а тым больш перамогаў чырвонагвардзейцаў у гэты дзень ані ў раёне Пскова, ані пад Нарваю не было, сцвярджаюць гісторыкі. Маўляў, дзе тады прозвішчы тых военачальнікаў, што гераічна спынілі немцаў?

«Гэта такі прадукт бальшавіцкай прапаганды, вельмі паспяховы прадукт. Яны бралі нейкую патрэбную тэзу і распаўсюджвалі яе. А пад гэтаю тэзай магло не быць аніякага гістарычнага абгрунтавання», – кажа гісторык Аляксандр Краўцэвіч.

У тым ліку і таму, што афіцыйна рабоча-сялянская Чырвоная армія паўстала не 23-га лютага, а 15 студзеня. Гісторыкі мяркуюць, што дату «свята» прыдумалі, каб адвесці ўвагу ад Лютаўскай рэвалюцыі 17-га. Цяпер жа настаў час Беларусі знайсці свой адпаведнік савецкаму святу, кажа Аляксандр Краўцэвіч.

«Знайсці нейкую дату, звязаную з перамогаю беларусаў. Няважна, у які час. Пажадана, у найноўшы. Можна – у Сярэднявеччы. Можна – над Масквою ці кімсьці яшчэ. І ўвесці гэта як свята – падмяніць. Як у Расеі Пуцін падмяніў 7-га лістапада на 4-га лістапада – Дзень яднання Расеі. Гэта нармальная аперацыя з масаваю свядомасцю ў мэтах выхавання патрыятызму», – дадае Краўцэвіч.

Адзін з такіх варыянтаў – дзень 8-га верасня. Сёлета будзе 505 гадоў, як ваяры ВКЛ пад Воршаю перамаглі значна больш вялікае маскоўскае войска. Іншы варыянт свята – 20-га сакавіка, калі Вярхоўны Савет прыняў пастанову «Аб стварэнні Узброеных сілаў Рэспублікі Беларусь». Аднак пакуль для ўладаў галоўнымі «вайсковымі» святамі застаюцца 9 траўня, 3 ліпеня ды ўласна 23 лютага.

«Гэтае свята ўвасабляе сабой ратную адвагу нашага народу і пераемнасць пакаленняў у самаадданым служэнні Радзіме», – лічыць Аляксандр Лукашэнка.

22 лютага 2019 года. Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з курсантамі, слухачамі і выкладчыкамі Ваеннай акадэміі. Фота – president.gov.by

Што праўда, дзе тая Радзіма – разабрацца ўсё цяжэй. У берасцейскіх гімназіях навучэнцы ўжо на ўсю ўсхваляюць расейскіх афіцэраў, «чыё сэрца пад прыцэлам». А асартымент беларускіх крамаў проста нікне пад націскам расейскага трыкалору.

Сцяпан Святлоў, «Белсат»